Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 тысяч, 13 тысяч — пракурор называе сумы хабару, які нібыта атрымалі ашмянскія мытнікі


21 лістапада ў Партызанскім раённым судзе Менску аднавіўся працэс у справе ашмянскіх мытнікаў. На лаве падсудных 11 чалавек, у тым ліку былы галоўны інспэктар мытні Алесь Юркойць, вядомы сваёй краязнаўчай дзейнасьцю ў Астравецкім раёне.

Працэс над мытнікамі ў Партызанскім судзе пачаўся 18 лістапада. Адначасова ідуць аналягічныя працэсы ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім і Менскім абласным судах — усяго, паводле зьвестак з судоў, на лаве пасудных апынуліся больш за 50 мытнікаў шараговага і кіраўніцкага складу. Паводле сьледзтва, за 2010-2015 гады яны ўсяго атрымалі з перавозчыкаў грузаў на 850 тысяч даляраў хабару. Але што інкрымінуецца канкрэтна кожнаму з абвінавачваных?

18 лістапада ў судзе прагучалі сумы, блізкія да 10 тысяч даляраў, якія мытнікі нібыта атрымалі цягам 5 гадоў за тое, што на злачынныя загады кіраўнікоў прапускалі аўтатранспарт з незадэкляраваным грузам без неабходнай праверкі. На паседжаньні 21 лістапада сумы меркаванага хабару мытнікаў былі прыблізна такімі ж самымі.

Так, паводле сьледзтва, мытнік Віктар Скрыпко атрымаў цягам 2010-2015 гадоў хабару на 13 тысяч даляраў. Скрыпко нібыта дзейнічаў у складзе злачыннай групы, якую, меркавана, арганізавалі Ігар Высоцкі ды іншыя кіраўнікі мытні.

Сума хабару, інкрымінаваная мытніку Генадзю Часнойцю, — каля 10 тысяч даляраў.

Мяркуецца, што да канца дня стане вядома, у чым сьледчыя падазраюць мытнікаў Уладзімера Нагорскага, Сяргея Чэпіна, Вадзіма Казьмірчука, Тадэвуша Высоцкага, Алеся Юркойця.

Вядома, што некаторыя з мытнікаў сваёй віны на сьледзтве не прызнавалі. У прыватнасьці, не прызнавалі сябе вінаватымі Тадэвуш Высоцкі і Алесь Юркойць. Пасьля зачытваньня абвінавачаньня суд даведаецца, як самі падсудныя ставяцца да абвінавачаньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG