Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сарказі прайграў праймэрыз правых у Францыі і пайшоў з палітыкі. Калі ня ён, то хто?


Нікаля Сарказі
Нікаля Сарказі

Былы прэзыдэнт Францыі, 61-гадовы Нікаля Сарказі прайграў у першым туры праймэрыз па выбары кандыдата ў прэзыдэнты ад партыі Рэспубліканцаў, піша AFP. Ён павіншаваў пераможцаў, прызнаў паразу і абвясьціў пра сыход з палітыкі, пажадаўшы «ўдачы Францыі».

Сарказі заняў толькі трэцяе месца (21,1% галасоў) — у другім туры будуць змагацца 62-гадовы Франсуа Фіён (44,1%) і 71-гадовы Ален Жупэ (28,4%). У галасаваньні ў праймэрыз узялі ўдзел 4 млн чалавек. Другі тур праймэрыз пройдзе 27 лістапада. Фіён і Жупэ сустрэнуцца ў тэледэбатах 24 лістапада.

Сарказі заявіў, што ставіцца да Жупэ зь вялікай павагай, але ён бліжэй па палітычных поглядах да Фіёна — той быў прэм’ер-міністрам у час прэзыдэнцтва Сарказі ў 2007-2012 гадах.

Як адзначае RFI, і Сарказі, і Фіён выступаюць за больш шчыльныя адносіны з Уладзімерам Пуціным, абодва гатовыя прызнаць Крым расейскім і разглядзець зьняцьце санкцыяў з Крамля. Фіён называе сваю праграму «сынтэзам лібэральных і аўтарытарных правых ідэяў».

Жупэ, які быў прэм’ерам у час прэзыдэнцтва Жака Шырака ў 1995-1997 гадах, ставіцца да Крамля больш жорстка: заклікае да поўнага выкананьня Менскіх пагадненьняў, не прызнае анэксію Крыму і называе бамбаваньні сырыйскага Алепа ваенным злачынствам.

Рэспубліканцы, якія цяпер знаходзяцца ў апазыцыі, нядаўна пачалі рыхтаваць імпічмэнт прэзыдэнту-сацыялісту Франсуа Алянду. Але наўрад ці здолеюць яго правесьці: бракуе і падтрымкі кіроўнай партыі сацыялістаў, і часу. Прэзыдэнцкія выбары ў Францыі маюць прайсьці ў красавіку-траўні 2017 году.

Франсуа Алянд можа выставіць сваю кандыдатуру і пайсьці на другі тэрмін. Канкурэнцыю яму і кандыдату ад Рэспубліканцаў можа скласьці правая кансэрватарка з «Нацыянальнага фронту» Марын Ле Пэн, якая хоча правесьці рэфэрэндум аб сяброўстве ў Эўразьвязе і вяртаньні франка замест эўра, падтрымлівае Пуціна. Паводле розных апытаньняў, найбольш народнай падтрымкі маюць Жупэ (якому сацыёлягі прадказвалі перамогу ў праймэрыз) і Ле Пэн.

Парлямэнцкія выбары пройдуць у прэзыдэнцка-парлямэнцкай Францыі пасьля прэзыдэнцкіх, у чэрвені 2017 году. Калі прэзыдэнт і парлямэнт не ў апазыцыі адзін да аднаго, Францыя становіцца практычна цалкам прэзыдэнцкай рэспублікай, калі ў апазыцыі (як было пры Шыраку і Мітэрану), то становіцца хутчэй парлямэнцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG