Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэспубліканцы Францыі пачалі рыхтаваць імпічмэнт Алянду


Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд

Прэм’ер-міністар і прэзыдэнт Францыі атрымалі 10 лістапада праект рэзалюцыі аб імпічмэнце прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда, піша Le Monde.

Прэзыдэнта абвінавачваюць у раскрыцьці журналістам дзяржаўнай тайны, спасылаючыся на кнігу «Прэзыдэнт ня мусіў гэтага казаць», у якой апублікаванае 61 інтэрвію Алянда. Прыняты ў 2014 годзе артыкул 68 Канстытуцыі Францыі, які тычыцца адстаўкі прэзыдэнта, можа быць задзейнічаны ўпершыню.

Праект падпісалі 79 дэпутатаў партыі «Рэспубліканцы», якая цяпер знаходзіцца ў апазыцыі. Рух за імпічмэнт распачаўся з ініцыятывы рэспубліканца П’ера Лелюша, былога прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі NATO, былога дзяржсакратара эўрапейскіх спраў і былога дзяржсакратара замежнага гандлю.

Ці атрымаецца?

Імпічмэнт будзе мець шанцы, калі рэспубліканцаў падтрымаюць іншыя партыі, у тым ліку сацыялісты — прадстаўнікі партыі ўлады, зь якой паходзіць Алянд. Для імпічмэнту ў Францыі трэба склікаць адмысловую камісію — Высокі суд — з абедзьвюх палатаў парлямэнту, а да таго Нацыянальная асамблея (ніжняя палата) мусіць разглядзець рэзалюцыю ў спэцыяльнай прававой камісіі.

Рэспубліканцы маюць у ніжняй палаце толькі 35% месцаў, сацыялісты — крыху больш за 50%. Таксама рэспубліканцы ня маюць абсалютнай бальшыні ў верхняй палаце (хоць іх там болей за сацыялістаў). Да таго ж імпічмэнт могуць абвясьціць толькі калі ў ягоных дзеяньнях пабачаць «пагарду да сваіх абавязкаў, якая відавочным чынам супярэчыць выкананьню прадпісаных абавязкаў».

Наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Францыі маюць прайсьці ў красавіку-траўні 2017 году (Алянд можа выставіць сваю кандыдатуру і пайсьці на другі тэрмін), парлямэнцкія — у чэрвені 2017 году.

Самаўхіленьне, сэкс і «маральная інваліднасьць»: 15 імпічмэнтаў, якія адбыліся і праваліліся

Тым часам у Бразыліі пасьля доўгіх спробаў атрымалася абвясьціць імпічмэнт прэзыдэнтцы Дзілме Русэф. Парлямэнт Вэнэсуэлы запусьціў працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта Нікаласа Мадуры, але шанцаў на станоўчы вынік мала, бо ўрад і Вярхоўны суд Вэнэсуэлы абвясьцілі Нацыянальную асамблею нелегітымнай. Да імпічмэнту тэарэтычна можа дайсьці ў Паўднёвай Карэі, дзе дзясяткі тысяч чалавек патрабуюць адстаўкі Пак Кын Хэ, якую абвінавачваюць у карупцыі і несамастойнасьці.

Спроба імпічмэнту была і ў Беларусі: у 1996 годзе Вярхоўны Савет 13 скліканьня амаль дайшоў да пачатку працэдуры імпічмэнту Аляксандра Лукашэнкі, сабраўшы неабходныя 70 подпісаў дэпутатаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG