Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Названыя імёны расейцаў, якія рыхтавалі пераварот у Чарнагорыі


Рэчавыя доказы ў сувязі зь меркаваным тэрактам у Чарнагорыі.

Рэчавыя доказы ў сувязі зь меркаваным тэрактам у Чарнагорыі.

Паводле чарнагорскіх СМІ, спробу перавароту ў краіне арганізавалі расейцы Эдуард Шырокаў і Ўладзімір Папоў.

Спасылаючыся на зьвесткі з пракуратуры, ​балканская служба Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа паведамляе, што Шырокаў і Папоў арганізавалі «крымінальную групу», адной з мэтаў якой было забойства прэм’ер-міністра Чарнагорыі Міла Джуканавіча ў дзень выбараў у гэтай краіне 16 кастрычніка.

Паводле крыніцы з пракуратуры, 26 верасьня расейцы сустрэліся ў Маскве з сэрбскім нацыяналістам Аляксандрам Сінджэлічам, якому паведамілі пра свой плян і перадалі яму інструкцыі, як «выклікаць хаос у Чарнагорыі». Шырокаў і Папоў перадалі Сінджэлічу 200 тысяч эўра на ажыцьцяўленьне пляну.

Сінджэліч, паведамляе выданьне, быў арыштаваны ў пачатку лістапада ў Чарнагорыі. Пакуль не вядома, ці ў распачатай крымінальнай справе ў сувязі са спробай перавароту ён будзе выступаць як абвінавачаны, ці як сьведка.

Раней паведамлялася, што ў кастрычніку ў сталіцы Чарнагорыі, Падгорыцы, затрымалі групу з 20 сэрбаў і чарнагорцаў, якія рыхтавалі замах на Джуканавіча. Частка зь якіх раней ваявала на ўсходзе Ўкраіны на баку сэпаратыстаў. Тады ж брытанскае выданьне The Guardian паведаміла, што затрыманых у Сэрбіі па гэтай справе расейскіх грамадзян дэпартавалі ў Расею.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG