Лінкі ўнівэрсальнага доступу

45% жыхароў Беларусі лічаць недастатковай барацьбу з карупцыяй 


Адзін з трох жыхароў у краінах Эўропы і Цэнтральнай Азіі перакананы, што карупцыя з’яўляецца адной з самых вялікіх праблем, зь якімі сутыкаюцца іх краіны сёння.

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, падрыхтаванай арганізацыяй Transparency International са штаб-кватэрай у Бэрліне.

Са справаздачы вынікае, што 45% жыхароў Беларусі лічаць недастатковымі дзеяньні ўраду ў барацьбе з карупцыяй (У Расеі — 62%, ва Ўкраіне — 86%, у Латвіі і Літве — па 71%). Самы лепшы паказьнік у Швэцыі і Швэйцарыі (па 28%).

На пытаньне, ці даводзілася ім цягам 12 месяцаў даваць хабар у якім заўгодна памеры за доступ да асноўных грамадзкіх паслугаў (такіх, як адукацыя, мэдычнае і сацыяльнае абслугоўваньне, атрыманьне дакумэнтаў у дзяржаўных установах, служба дарожнай бясьпекі), — 20% рэспандэнтаў зь Беларусі адказалі станоўча.

Ва Ўкраіне гэты паказчык — 38%, Расеі — 34%, у Літве — 24%, у Латвіі — 15%, у Польшчы — 7%. Для параўнаньня, у Францыі ён 3%, у Швэцыі — 1%.

Амаль траціна жыхароў рэгіёну лічаць, што іх чыноўнікі і заканадаўцы моцна карумпаваныя. Большасць апытаных лічаць, што іх ўрады ня робяць дастатковых намаганьняў, каб спыніць карупцыю.

Больш за палову жыхароў краінаў Эўрапейскага Зьвязу (53%), краінаў-кандыдатаў на далучэньне да ЭЗ (53%) і краінаў былога Савецкага Саюзу (56%) заявілі, што іх ўрадам не ўдалося ўтаймаваць карупцыю. Па выніках апытаньня грамадзянаў, у справе барацьбы з карупцыяй найгоршымі прызнаныя ўрады Ўкраіны (86 %), Малдовы (84%), Босьніі і Герцагавіны (82%) і Гішпаніі (80%).

Прадстаўнікі Transparency International апыталі амаль 60 000 жыхароў у 42 краінах Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў справе іх сутыкненьня з карупцыяй у паўсядзённым жыцьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG