Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз дэмаркацыю беларуска-ўкраінскай мяжы вяскоўцам абразаюць агароды


Глыбоцкае, вуліца Ўсходняя
Глыбоцкае, вуліца Ўсходняя

На паўднёвым усходзе Гомельшчыны ў памежных беларускіх вёсках абразаюць агароды — тлумачаць, што гэта робіцца дзеля ўмацаваньня дзяржаўнай мяжы з Украінай.

«Тры разы прыяжджалі, каб лапік зямлі адрэзаць»

У вёсцы Глыбоцкае Гомельскага раёну пад абразаньне падпадаюць найперш прысядзібныя ўчасткі на вуліцы Ўсходняй — апошняй вуліцы ў паселішчы перад пунктам спрошчанага пропуску на шляху да ўкраінскага сяла Ільмаўка.

Пажылы вясковец Міхаіл, які жыве на вуліцы Ўсходняй, тлумачыць:

«У мяне тут 42 соткі — сядзіба з участкам зямлі. Дванаццаць сотак абрэзалі. Казалі, што будзе тут ужо памежная паласа».

Сам Міхаіл ня надта бядуе, што ягоны ўчастак падкарацілі: «Я ж ужо пэнсіянэр. Раней абрабляў увесь участак — араў, сеяў. Цяпер сілы ўжо ня тыя».

Сям’я суседа Ўладзімера атрымала дом і ўчастак на вуліцы Ўсходняй у спадчыну — раней тут жылі бацькі ягонай жонкі.

«Мы нават гной вывезьлі і зааралі, а цяпер гэтую дзялянку забіраюць», — кажа Ўладзімер.

Андрэй: Гэты лапік зямлі адразаюць
Андрэй: Гэты лапік зямлі адразаюць

Сын Уладзімера Андрэй паказвае былую бабуліну сядзібу, дзе цяпер гаспадарыць з бацькамі:

«Да нас разы тры прыяжджалі зь сельскага савету і землеўпарадкавальнай службы. Пакінулі спачатку дваццаць тры соткі, а апошні раз сказалі, што можам засяваць гарод толькі да сьцежкі — гэта каля дванаццаці сотак. Цяпер заробкі на працы слабыя, таму садзім бульбу і ўсё іншае, каб неяк выжываць», — тлумачыць Андрэй.

Ад вясковых агародаў да ўкраінскай мяжы з кілямэтар ці нават крыху болей. Які сэнс быў адразаць нейкія тры дзясяткі мэтраў агародаў, вяскоўцы дабраць розуму ня могуць. Выказваюць на гэты конт здагадкі: альбо мясцовыя ўлады хочуць падкараціць прысядзібныя ўчасткі, якія не абрабляюцца, бо ёсьць і такія, альбо памежнікі маюць выраўнаваць памежную паласу ў лінейку з пунктам спрошчанага пропуску, які быў пастаўлены пры дарозе, амаль адразу за хатамі.

«Да таго ж у нас за сотню мэтраў да канца вуліцы паставілі папераджальны знак, што далей ісьці нельга — памежная паласа», — паказваюць вяскоўцы ў канец вуліцы Ўсходняй.

Дзеля паўнаты малюнку варта дадаць, што прысядзібныя ўчасткі ў Глыбоцкім абрэзалі ня толькі на Ўсходняй, але й на вуліцы Леніна — па правы бок пры ўезьдзе. Казаць, што сюды блізка падступае беларуска-ўкраінская мяжа, не выпадае.

«На нашым баку таксама падкарацілі ўчасткі, бо некаторыя пуставалі, — распавядае сярэдняга веку кабета, якая назвалася Людмілай. — Як па мне, то гэта не бяда, у мяне тут побач соткі сьвёкра — іх засяваем».

Вядома, далёка ня ў кожнага такая сытуацыя.

«Зямля ў вёсцы патрэбна — трэба ж і бульбу, і гарбузы пасадзіць, і збожжа пасеяць. Мы ж гаспадарку трымаем — безь яе як у вёсцы пражывеш? У мяне сямнаццаць сотак, дык сказалі, што пяць абрэжуць і перададуць калгасу», — кажа мясцовая жыхарка Ала.

«Рашэньні прымаюцца на больш высокім узроўні»

Маркавіцкі сельскі савет
Маркавіцкі сельскі савет

Глыбоцкае адносіцца да Маркавіцкага сельскага савету. Туды й зьвяртаемся па тлумачэньні.

«Калі соткі зарастаюць пустазельлем і не абрабляюцца, то мы іх абразаем і перадаём у карыстаньне мясцовай сельгасгаспадарцы. Трэба ж наводзіць парадак на зямлі, як патрабуе наш прэзыдэнт. Тут такая сытуацыя: альбо абрабляй, альбо аддавай. А за вуліцай Усходняй вядзецца дэмаркацыя мяжы, і рашэньні прымаюцца на больш высокім узроўні», — заяўляе кіраўніца спраў Валянціна Сьлюнькова.

У раённай землеўпарадкавальнай службе дадаюць, што пры зьмене межаў прысядзібных участкаў гаспадарам дасылаюцца паведамленьні, на падставе якога рашэньня яны перагледжаныя. Аднак падобных паведамленьняў у Глыбоцкім мясцовыя жыхары, у тым ліку і з вуліцы Ўсходняй, пакуль не атрымлівалі.

Ад Гомеля да Берасьця — 3000 памежных знакаў

Памежны знак каля Весялоўкі
Памежны знак каля Весялоўкі

Першы памежны знак на беларуска-ўкраінскай мяжы быў пастаўлены 13 лістапада 2014 году блізу вёскі Весялоўка Добрускага раёну, прыкладна за паўсотні кілямэтраў ад Глыбоцкага. Рана ці позна дэмаркацыя, то бок пазначэньне лініі мяжы на мясцовасьці, дойдзе і да гэтай вёскі. Вяскоўцы, ходзячы ў лес па грыбы, бачылі ўжо ў ваколіцах драцяную агароджу. Але ці паўстане такая загарада ўшчыльную да сядзібаў вяскоўцаў, пакуль не зразумела.

Апошнія пабудовы ў Глыбоцкім перад мяжой
Апошнія пабудовы ў Глыбоцкім перад мяжой

Паміж беларускім Глыбоцкім і ўкраінскай Ільмаўкай здавён існавалі цесныя сувязі — і сваяцкія, і сяброўскія. Да апошняга часу беларусы часьцяком наведваліся да ўкраінцаў, каб прыкупіць харчу, гарэлкі ці віна, ласункаў для дзяцей і дарослых.

«Лічы, у два разы там усё таньней. Цяпер нічога несьці нельга праз наш спрошчаны пункт пропуску. Хочаш што везьці, едзь на памежны пераход у Новую Гуту», — расказваюць пра тутэйшыя парадкі глыбоцкія вяскоўцы.

Як і што будзе, калі паставяць загараду, ніхто прагназаваць нават не бярэцца.

Беларуска-ўкраінская дзяржаўная мяжа вызначана Дамовай паміж Рэспублікай Беларусь і Ўкраінай аб дзяржаўнай мяжы ад 12 траўня 1997 году. Дэмаркацыя робіцца ў адпаведнасьці з пагадненьнем паміж урадамі дзьвюх краінаў, падпісаным 30 ліпеня 2014 году.

Агульная працягласьць беларуска-ўкраінскай мяжы складае 1084 кілямэтры. Каб правесьці дэмаркацыю, трэба ачысьціць каля 760 кілямэтраў прасек, усталяваць тры тысячы памежных знакаў, падрыхтаваць дэмаркацыйныя дакумэнты. На гэта спатрэбіцца сем-восем гадоў і 16-17 мільёнаў рублёў.

Дзяржаўны памежны камітэт на пачатку мінулага лета падаваў інфармацыю, што амаль на траціне мяжы дэмаркацыя ўжо зроблена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG