Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП, БХД і рух «За Свабоду» патрабуюць вызваліць Уладзімера Кондруся


Кіраўніцтва Правацэнтрысцкай кааліцыі патрабуе неадкладна вызваліць Уладзімера Кондруся, якога сёньня судзяць у судзе Маскоўскага раёна Менску за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 году.

«Крымінальная справа супраць Уладзімера Кондруся ўзбуджаная ў межах справы па падзеях 19 сьнежня 2010 году ў Менску, калі ў выніку разгону мірнай дэманстрацыі пратэсту сотні чалавек былі зьбітыя, затрыманыя і трапілі пад адміністрацыйныя арышты і крымінальны перасьлед.

Усе асуджаныя паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу па падзеях 19 сьнежня 2010 году былі прызнаныя праваабаронцамі палітычнымі зьняволенымі. Патрабаваньне аб неадкладным вызваленьні ўсіх зьняволеных у дзень і пасьля выбараў было неаднаразова агучанае Эўрапарлямэнтам і ПАРЭ. Мы заяўляем, што расцэньваем крымінальны перасьлед Уладзімера Кондруся як палітычна матываваны, а самога Ўладзімера Кондруся лічым палітычным зьняволеным», — гаворыцца ў распаўсюджанай 16 лістапада заяве, якую падпісалі старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Правацэнтрысцкая кааліцыя патрабуе спыніць судовы перасьлед і вызваліць з-пад варты Ўладзімера Кондруся, цалкам спыніць вытворчасьць па крымінальнай справе па падзеях 19 сьнежня 2010 году і рэабілітаваць усіх раней асуджаных палітвязьняў.

Палітыкі лічаць, што наяўнасьць палітзьняволеных характарызуе беларускі ўрад як антыдэмакратычны, а беларускую судовую сыстэму — як марыянэткавы рэпрэсіўны орган, накіраваны выключна на абарону дзейнай выканаўчай улады і падаўленьне іншадумства.

Разам зь беларускай грамадзкасьцю і міжнароднымі партнэрамі мы пракладзем усе намаганьні, накіраваныя на вызваленьне палітзьняволеных і абарону грамадзян Беларусі ад прававога бязьмежжа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG