Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта сьлёзы для краіны». Лукашэнка назваў кошт Эўрапейскіх гульняў — 50 мільёнаў даляраў


Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджае, што Беларусь выдаткуе на арганізацыю і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў каля 50 мільёнаў даляраў.

«Мы палічылі, што нават у плюсе будзем. Нам трэба будзе выдаткаваць недзе пад 50 млн даляраў за гэтыя гады. Гэта сьлёзы для краіны. А можа, і таго ня трэба: эўрапейцы сказалі, што дапамогуць», — падзяліўся Лукашэнка ў час сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «Магілёўхімвалакно», перадае БелТА.

Лукашэнка падкрэсьліў, што правядзеньне такіх маштабных спаборніцтваў павысіць імідж і пазнавальнасьць краіны.

«Да нас прыедуць людзі. Яны ўбачаць нашу краіну, як і з чэмпіянатам сьвету па хакеі. Што мы там страцілі? Нічога. Мы нават у плюсе засталіся, — заявіў ён. — Калі мы вырашылі быць незалежнымі і сувэрэннымі, трэба разумець, што гэта нятанна абыходзіцца. І калі атрымліваецца з прыбыткам, то на гэта заўсёды трэба ісьці».

Першыя Эўрапейскія гульні адбыліся ў Баку ў 2015 годзе, яны абышліся Азэрбайджану ў 1,2 мільярда даляраў.

Першы віцэ-прэзыдэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў раней ужо заяўляў, што другія Эўрапейскія гульні, якія маюць адбыцца ў Беларусі ў 2019 годзе, абыдуцца краіне ў некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў.

Між тым спартовыя экспэрты выказваюць сумнеў у тым, што гульні будуць каштаваць настолькі танна.

«Калі гэта насамрэч так выгадна для краіны, то чаму ад права правесьці Эўрапейскія гульні адмовіліся тыя ж Нідэрлянды, дзе спорт значна больш камэрцыялізаваны і для якіх гэта было б яшчэ больш выгадна? Гэта што, такі крок дабрачыннасьці, што нам аддалі Эўрапейскія гульні?.. Тое, што ўсё гэта будзе каштаваць некалькі дзясяткаў мільёнаў, вельмі сумнеўна. Хіба толькі беларусы на той момант ужо пачнуць бясплатна працаваць», — адзначыў у інтэрвію Свабодзе аглядальнік спартовага бізнэсу Антон Рогач.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG