Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гулаг. Онлайн»: так жылі і вашыя рэпрэсаваныя продкі


Неадпраўленыя лісты зьняволеных, іх працоўныя пальчаткі і зношаны зімовы абутак, разьбітая гітара. Гэтыя і іншыя рэчы, знойдзеныя ў 15 закінутых лягерах ГУЛАГу, зараз можна ўбачыць онлайн дзякуючы энтузіястам з Чэхіі.

Ужо больш за сем гадоў яны штогод адпраўляюцца ў Сібір, каб выкласьці ў інтэрнэт фатаграфіі пабудоў папраўча-працоўных лягераў.

Музэй «Гулаг.Онлайн» створаны на сродкі чэскай грамадзкасьці, якая падтрымала працу групы энтузіястаў, сярод якіх ёсьць гісторыкі, археолягі, журналісты. Цяпер — зноў у інтэрнэце — гэтая група зьбірае сродкі на паездку ў Казахстан, каб вывучыць Карляг. А вынік іх нядаўняй працы ўжо выкладзены ў сетку і даступны, у тым ліку, на расейскай мове.

Гісторыя онлайн-музэя пачалася з вывучэньня былой будоўлі ГУЛАГу 501-503. Гэтыя лічбы азначалі будаўніцтва чыгункі Салехард — Ігарка ў Паўночнай Сібіры, якая павінна была стаць часткай Транспалярнай магістралі і злучыць Чукотку з Баранцавым морам, але яна не была дабудавана і цяпер ня дзейнічае. Уздоўж гэтай будоўлі засталося шмат закінутых папраўча-працоўных лягераў, якія, у адрозьненьне ад многіх іншых, добра захаваліся.

Дзякуючы дасьледаваньню гэтага ўчастка чыгункі можна зьдзейсьніць онлайн-тур па лягеры ГУЛАГу і даведацца, як выглядалі розныя пабудовы, зазірнуць унутр баракаў і ўбачыць, у якіх умовах жылі і працавалі зьняволеныя.

3D-мадэль папраўча-працоўнага лягера

3D-мадэль папраўча-працоўнага лягера

Гэтая інфармацыя суправаджаецца і відэаповедамі відавочцаў, у асноўным чэхаў і славакаў, рэпрэсаваных у СССР. Пры гэтым кожны лягер адзначаны на карце, дзякуючы якой можна прасачыць і лёс кожнага зьняволенага: на ёй адзначаны ня толькі лягеры, у якіх чалавек утрымліваўся, але і месцы, дзе быў арыштаваны, дапытваўся або быў асуджаны.

Больш пра праект чэскіх дасьледчыкаў можна даведацца ТУТ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG