Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў прэзыдэнта ЗША аналітыкі спрабуюць прадказаць, у якой ступені Трампу ўдасца выканаць свае перадвыбарчыя абяцаньні.

Прэзыдэнцкія паўнамоцтвы

Дзякуючы сыстэме стрыманьняў і процівагаў, замацаванай у канстытуцыі ЗША, рэалізацыя палітыкі Трампа шмат у чым залежыць ад падтрымкі Кангрэса.

Калі Трамп мае намер выканаць свае абяцаньні і зьнізіць падаткі на прадпрыемствы, зьмяніць законы пра паклёп і згарнуць распачатую Баракам Абамам рэформу аховы здароўя, яму спатрэбіцца падтрымка заканадаўчай і выканаўчай галінаў улады.

Аднак аналітыкі мяркуюць, што шмат якія пляны Трамп можна рэалізаваць з дапамогай прэзыдэнцкіх указаў.

Больш таго, на Трампа ўжо некалькі месяцаў працуе спэцыяльная пераходная каманда, якая падрыхтавала каля 25 указаў для падпісаньня ў першы ж дзень прэзыдэнцтва — 20 студзеня.

У зьнешняй палітыцы «паўнамоцтвы прэзыдэнта тэарэтычна велізарныя, — кажа экспэрт па зьнешняй палітыцы ЗША з лёнданскага Інстытута стратэгічных дасьледаваньняў (IISS) Дана Элін. — Цяжка ўявіць, якім чынам Кангрэс можа абмежаваць іх. Прэзыдэнт мае права прымаць разнастайныя рашэньні ў гэтай сфэры — у тым ліку пра разьмяшчэньне войскаў або пачатак ваеннай апэрацыі. Мабыць, у гэтай галіне кантраляваць яго няма каму».

Вось што казаў Трамп у часе перадвыбарчай кампаніі.

Расея і НАТО

Трамп казаў, што хацеў бы «сябраваць з Расеяй», крытыкуючы «тое, што адбываецца цяпер». Паводле яго слоў, збліжэньне дзьвюх краін дазволіла б сумесна «пайсьці і прыкончыць» баевікоў «Ісламскай дзяржавы». Трамп выказваў упэўненасьць, што зможа выправіць адносіны ЗША з Расеяй.

У верасьні ён заявіў, што ў яго будуць «вельмі-вельмі добрыя адносіны» з прэзыдэнтам Пуціным, і выказаў меркаваньне, што будзе дамаўляцца зь ім значна больш эфэктыўна, чым прэзыдэнт Абама.

Трамп выказваў захапленьне Пуціным і называў яго лепшым лідэрам, чым Абама

Крытыкі Трампа гэтую ўпэўненасьць не падзяляюць, адзначаючы, што Абама спрабаваў палепшыць адносіны з Расеяй і нават «перазапускаў» іх падчас свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну. Акрамя таго, апанэнты Трампа сумняваюцца, што ён захоча процідзейнічаць агрэсіўным крокам Масквы ў дачыненьні да ЗША і іх саюзьнікаў.

Трамп выказваў захапленьне Пуціным і называў яго лепшым лідэрам, чым Абама. У сакавіку ён назваў НАТА «састарэлым», абяцаючы згарнуць ваенную падтрымку іншых чальцоў альянсу, калі тыя не падвысяць ваенныя выдаткі і ня «выканаюць свае абавязацельствы» перад ЗША.

Кіраўнік праграмы «ЗША — трансатлянтычныя адносіны» пры нямецкай Радзе па зьнешняй палітыцы Хэнінг Рыкэ кажа, што, калі ЗША падчас прэзыдэнцтва Трампа пачнуць «схіляцца ў бок Расеі», гэта можа мець «прамыя і вельмі небясьпечныя наступствы для эўрапейскай бясьпекі».

Калі Трамп пачне перамовы аб іншым разьмеркаваньні нагрузкі ў НАТО, яму давядзецца «сутыкнуцца з рэальнасьцю», адзначае Рыкэ.

«Абавязацельствы па абароне саюзьнікаў — адна з ключавых пазыцый, якія дазваляюць ЗША называцца звышдзяржавай», — кажа Рыкэ, і Расея, верагодна, паспрабуе скарыстацца любымі шчыліны ў заходняй сыстэме бясьпекі.

Масква «з усіх сіл спрабуе аслабіць» НАТА і ЭЗ, каб «узмацніць свой уплыў — перш за ўсё ў Цэнтральнай Азіі і Усходняй Эўропе, — кажа Рыкэ. — Калі прэзыдэнт ЗША зробіць гэтую працу за Расею, Пуцін будзе толькі шчасьлівы».

Іранская ядзерная праграма

У Трампа будуць паўнамоцтвы выканаць сваё абяцаньне і паспрабаваць зьмяніць умовы дагавора з Іранам аб зьмякчэньні санкцый у абмен на згортваньне ядзернай праграмы.

Трамп ня стаў выключаць прымяненьне супраць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» ядзернай зброі

Аднак, на думку Рыкэ, зрабіць гэта будзе «вельмі цяжка, таму што для гэтага спатрэбіцца вярнуць за стол перамоваў астатніх удзельнікаў перамоваў — у тым ліку Расею і Эўразьвяз».

Падобны крок «згуляе на руку прыхільнікам жорсткага курсу ўнутры Ірана» і прывядзе да распаду дагавора, які не дазваляе Тэгерану займацца распрацоўкай ядзернай зброі.

Нераспаўсюджваньне ядзернай зброі

Трамп ня стаў выключаць прымяненьне супраць баевікоў «Ісламскай дзяржавы» ядзернай зброі і прапанаваў Японіі і Паўднёвай Карэі самастойна пачаць распрацоўку ядзернай зброі.

Рыкэ і Алін лічаць, што перадвыбарчая рыторыка Трампа можа падарваць намаганьні па нераспаўсюджваньні ядзернай зброі. Іншыя дзяржавы «могуць вырашыць перагледзець свае прынцыпы бясьпекі і патрэбу ў ядзернай зброі», — адзначыла Алін напярэдадні 8 лістапада.

Абарона навакольнага асяродзьдзя

Трамп сьцвярджаў, што «тэорыю глябальнага пацяпленьня прыдумаў Кітай, каб зрабіць амэрыканскую прамысловасьць неканкурэнтаздольнай».

Трамп паабяцаў аслабіць экалягічныя нормы на фэдэральным узроўні

На пасадзе прэзыдэнта ён зможа выканаць сваё абяцаньне выйсьці з Парыскага пагадненьня, якое абмяжоўвае выкіды ў атмасфэру газаў, якія спрыяюць парніковаму эфэкту.

Акрамя таго, Трамп паабяцаў аслабіць экалягічныя нормы на фэдэральным узроўні. Яго энэргетычную і экалягічную палітыку падтрымліваюць большасьць рэспубліканцаў у Кангрэсе.

З дапамогай указаў Трамп тэарэтычна можа зноўку санкцыянаваць нафтавую выведку на ахоўных тэрыторыях у Алясцы і ў Паўночным Ледавітым акіяне, а таксама працягнуць будаўніцтва нафтаправода з Канады, прыпыненае пры Абаме.

Іміграцыя

Трамп паабяцаў затрымаць і дэпартаваць 11,3 млн. нелегальных імігрантаў на працягу двух гадоў. Ён прапаноўваў стварыць для гэтага спэцыяльнае падразьдзяленьне.

Фінансаваньне гэтай праграмы патрабуе ўхваленьня Кангрэсу, прычым многія рэспубліканцы выступаюць супраць гэтай прапановы, паколькі яна не знаходзіць разуменьня сярод выбаршчыкаў лацінаамэрыканскага паходжаньня і прыхільнікаў фіскальнага кансэрватызму.

Выгнаньне з краіны ўсіх нелегальных імігрантаў прывядзе да зьніжэньня ВУП ЗША на 1

Паводле ацэнак кансэрватыўнага вашынгтонскага аналітычнага цэнтра American Action Forum, поўнамаштабная рэалізацыя плянаў Трампа на працягу двух гадоў «запатрабуе беспрэцэдэнтнага пашырэньня інфраструктуры і штата амэрыканскіх іміграцыйных службаў».

Акрамя таго, выгнаньне з краіны ўсіх нелегальных імігрантаў прывядзе, па дадзеных цэнтра, да зьніжэньня ВУП ЗША на 1, 6 трыльёнаў даляраў і праз два гады можа справакаваць «рэзкую і глыбокую рэцэсію».

Ёсьць сумневы і адносна плянаў Трампа пабудаваць сьцяну ўздоўж паўднёвай мяжы ЗША і прымусіць Мэксіку за яе заплаціць. Улады Мэксікі заявілі, што плаціць ня будуць. Паводле ацэнак газэты Washington Post, гаворка ідзе пра суму каля 25 млрд. даляраў.

Трамп прапанаваў канфіскоўваць грашовыя пераводы нелегальных імігрантаў з Мэксікі ў адпаведнасьці з «Патрыятычным актам», аднак юрысты сумняваюцца, што ў дадзеным выпадку маюцца падставы ўжываць закон, закліканы перашкодзіць фінансаваньню тэрарыстаў.

З дапамогай указаў Трамп можа рэалізаваць сваё абяцаньне часова забараніць мусульманам уезд у ЗША і прыпыніць працу праграм для ўцекачоў.

Абодва гэтыя крокі, верагодна, будуць аспрэчаныя, аднак на прыняцьце канчатковага рашэньня ў судзе сыдзе нямала часу.

Зьніжэньне падаткаў

Згодна з эканамічнай праграмай Трампа, зьніжэньне падаткаў для прадпрыемстваў зь цяперашніх 35% да 15% стане стымулам для інвэстыцый, якія прывядуць да эканамічнага росту і стварэньня новых працоўных месцаў.

Зьніжэньне падаткаў прывядзе да «скарачэньня фэдэральнай выручкі» на 5,9 трлн даляраў

Рэспубліканцы ў цэлым падтрымліваюць зьніжэньне падаткаў. Аднак незалежныя і двухпартыйныя эканамічныя групы, а таксама фіскальныя кансэрватары, выступаюць супраць.

Па дадзеных вашынгтонскага пазапартыйнага аналітычнага цэнтра Tax Foundation, зьніжэньне падаткаў прывядзе да «скарачэньня фэдэральнай выручкі» на 5,9 трлн даляраў — без уліку эканамічнага росту — і істотна паменшыць падатковую нагрузку на багатых грамадзян.

Гандлёвыя пагадненьні

Іншая частка эканамічнай праграмы Трамп зыходзіць з таго, што амэрыканскія прадпрыемствы пакутуюць ад «катастрафічных» гандлёвых пагадненьняў, і іх неабходна перагледзець.

На пасадзе прэзыдэнта ў Трампа будзе дастаткова паўнамоцтваў, каб выйсьці з Трансціхаакіянскага партнэрства (TPP) і Паўночнаамэрыканскай зоны свабоднага гандлю (NAFTA). Акрамя таго, ён заяўляў, што прымусіць міністэрства гандлю ЗША падаць пазовы аб парушэньні гандлёвых пагадненьняў супраць Кітая і іншых краін, а таксама ўвядзе пошліны на асобныя катэгорыі імпарту.

Трамп таксама пагражаў выхадам ЗША з Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, у якую ўваходзяць 164 краіны і якая выступае арбітрам у спрэчках аб пошлінах і правілах гандлю. Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі СГА не падтрымае яго гандлёвую палітыку. У Трампа будуць адпаведныя паўнамоцтвы на пасадзе прэзыдэнта.

Па ацэнцы галоўнага эканаміста кампаніі Moodyʼs Analytics Марка Зандзі, эканамічная палітыка Трампа «значна» аслабіць эканоміку ЗША з-за скарачэньня міжнароднага гандлю, іміграцыі і наўпроставых замежных інвэстыцый.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG