Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз палякаў Беларусі адкінуў магчымасьць абʼяднаньня з «праўладнымі палякамі»


Галоўная Рада непрызнаванага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў Беларусі абвяргае магчымасьць абʼяднаньня з СПБ пад кіраўніцтвам Мечылава Лысага.

Такое рашэньне найвышэйшы орган арганізацыі прыняў на паседжаньні 5 лютага.

Пра магчымасьць абʼяднаньня двух саюзаў інфармавала польская прэса. Штодзёнка "Rzeczpospolita" паведамляла, што ўрады Беларусі і Польшчы распрацавалі закулісны сцэнар урэгуляваньня праблемы польскай меншасьці. Паводле газэты, абʼяднаць абедзьве арганізацыі плянуецца пад адной назвай. Пасьля гэтага, нібыта, яна б працавала згодна зь беларускім заканадаўствам.

Пасьля доўгага абмеркаваньня чальцы Галоўнай рады СПБ выказалі рашучы пратэст супраць апісаных у СМІ плянаў, паведамляе сайт znadniemna.pl. У звароце арганізацыі праўладны СПБ называецца «марыянэткавым».

Чальцы Галоўнай рады просяць афіцыйную Варшаву не пагаджацца са сцэнаром абʼяднаньня і адзіным шляхам урэгуляваньня сытуацыі называюць прамыя перамовы кіраўніцтва СПБ зь беларускім урадам.

Праблемы Саюзу палякаў Беларусі пачаліся пасьля VI Зьезду ў 2005 годзе. Улады анулявалі выбар на старшыню арганізацыі Анжалікі Борыс. Ад таго часу арганізацыя дзейнічае напаўпадпольна.

XS
SM
MD
LG