Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад мора да мора: уздоўж беларускай мяжы хочуць пабудаваць аўтастраду зь Літвы да Грэцыі


Праца над праектам міжнароднай аўтастрады ад Клайпеды да Салонікаў пераходзіць у практычную фазу.

Пра гэта сёньня заявіла прэмʼер-міністар Польшчы Бэата Шыдла на прэс-канфэрэнцыі з нагоды 10-годзьдзя прыняцьця «Ланьцуцкай дэклярацыі».

У 2006 годзе міністры транспарту Польшчы, Літвы, Славаччыны і Вугоршчыны падпісалі дэклярацыю аб будаўніцтве найкарацейшай аўтадарогі на восі Поўнач-Поўдзень Эўропы. Праз чатыры гады да гэтай ініцыятывы далучыліся Баўгарыя, Румынія і Грэцыя.

Via Carpatia будзе праходзіць ад Клайпеды праз Коўна ў Літве, праз Беласток і Люблін у Польшчы, славацкія Кошыцэ далей праз Вугоршчыну, Румынію, Баўгарыю і Грэцыю.

Беларусь ў праекце Via Carpatia ня ўдзельнічае, але яе адрэзак ад літоўскай мяжы да Любліна на польскім баку будзе праходзіць у непасрэдным суседзтве беларускай мяжы. Даехаць ад памежных пераходаў з Польшчай да аўтабану, які вядзе ў Грэцыю, беларусам зойме менш за гадзіну, а на некаторых адрэзках — да паўгадзіны.

Прыйшоў час, калі мы рэальна пачынаем рэалізацыю інвэстыцыі Via Carpatia, стратэгічнай дарогі для Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы — сказала Бэата Шыдла ў Ланьцуце на поўдні Польшчы.

Напрыканцы кастрычніка больш за паўтысячы дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту прынялі справаздачу прысьвечаную разьвіцьцю транспартнай інфраструктуры ў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе. У гэтым дакумэнце ёсьць заклік да Эўракамісіі і краін-сябраў ЭЗ распачаць неабходныя крокі для рэалізацыі фінансавага боку інвэстыцыі Via Carpathia.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG