Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адмена візаў і незвычайныя прапановы спародзяць у Беларусь турыстычны бум»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Валер Каліноўскі.

Гурневіч: Іншаземцам дазволілі бязьвізавы ўезд у Беларусь для наведваньня Аўгустоўскага каналу і Горадні. У Беластоку запрацаваў Турыстычна-інфармацыйны цэнтар, прысьвечаны Горадні і гарадзенскаму рэгіёну. Польшча прапанавала зрабіць бязьвізавым цягнік Кракаў-Горадня. Інфармацыйны шум ад гэтых падзеяў узьняўся немалы. Доказ гэтаму — дзьве полькі, якія спрабавалі на аўтобусе перакрочыць беларускую мяжу бязь візаў. Яны тлумачылі, што пачулі пра адмену візаў, але дэталяў, відаць, не дазналіся. Варта дадаць, што Беларусь вядзе перамовы з ЭЗ пра спрашчэньне візавага рэжыму. Афіцыйна гэтыя крокі тлумачацца жаданьнем прымаць у Беларусі турыстаў. Але ці будзе эфэкт?

У 2015 годзе Беларусь наведала 300 тысяч турыстаў. Большасьць зь іх — расейцы. Гэта мізэрныя лічбы. З расейцамі ўсё ясна. Беларусь для іх трошкі больш Эўропа, чым Смаленская вобласьць, тут таньней, спакайней, чысьценька. Я сам бачыў захапленьне расейскіх турыстаў Горадняй. Яны, як стэрэатыпныя турысты зь Японіі, шчоўкалі здымак за здымкам на Савецкай вуліцы. Але турысту з Польшчы ці Нямеччыны трэба значна больш. У іх такія вуліцы амаль у кожным мястэчку.

колькасьць турыстаў у Беларусь можа вырасьці ў дзесяткі разоў пры ўмове адмены візаў

Я на тэму турызму ў Беларусі размаўляў з польскім падарожнікам Пятром Карвэцкім, які возіць на джыпах польскіх турыстаў у Беларусь і, дарэчы, апісвае гэтыя прыгоды на нашым сайце ў цыкле «Джыпам па Вялікім Княстве». І ён казаў, што колькасьць турыстаў у Беларусь можа вырасьці ў дзесяткі разоў пры ўмове адмены візаў. Я згодны зь ім часткова. Візы — гэта важны бар’ер. Гэта і бюракратыя, і грошы. Самае важнае — гэта тое, што рабіць у Беларусі турыстам. У нас жа да гэтай пары такія пытаньні вырашае Міністэрства спорту і турызму. Я ня бачу там ніякай крэатыўнасьці. Мірскі і Нясьвіскі замак — гэта максымум, што яны могуць прапанаваць. Але мне падаецца, што наша моц ня ў гэтым. На замкі яны ў Чэхіі могуць паглядзець, дзе іх процьма. Беларусь можа прывабіць іншым. Нейкія экстрэмальныя віды турызму, як згаданы Карвэцкі на джыпах па Беларусі. Гэта гістарычныя маршруты для турыстаў з Польшчы, Літвы, Ізраіля пра рэшткі іх спадчыны ў Беларусі. Браслаўскія азёры — добры брэнд, але ў нас багата лясных масіваў, рэчак. Там няма ніякага жыцьця, ніякіх прапаноў для турыстаў. Калі нешта падобнае і існуе, то робіцца гэта для галачкі. Я аднойчы праглядаў сайты райвыканкамаў і пабачыў, што ў многіх раёнах ёсьць такія маршруты. Але чаму пра гэта не гаворыцца ў СМІ? Чаму няма ніякай рэклямы?

Здавалася, што справу ў рукі ўзялі самі людзі — стваральнікі аграсядзібаў. Беларускія аргасядзібы пачалі трапляць у замежныя рэйтынгі. Дык што мы бачым? Іх пачалі абмяжоўваць: то абмежаваньні на колькасьць прыежджых, то абавязак паведамляць пра іх начальству. Калі людзі ў Лёндане ці Амстэрдаме, якія намыліліся ехаць у палескія балоты, прачытаюць такое, дык яны кінуць свае задумы. Навошта ім такі клопат? Навошта такія прыгоды, якія папахваюць атмасфэрай амэрыканскіх фільмаў пра КГБ і СССР.

Каліноўскі: Беларусь толькі прыступае да спробаў візавай лібэралізацыі, і гэтыя крокі пакуль вельмі няўпэўненыя.

Першае, з чаго варта было б пачаць, — гэта ратыфікаваць і ўвесьці ў дзеяньне падпісаныя ўжо дамовы аб малым памежных руху паміж Беларусьсю і Польшчай, а таксама Літвой. Па гэтых дамовах пад бязьвізавыя паездкі патрапляць і Горадня, і Берасьце, і Беласток, і Вільня. Ажывіце гэтыя замарожаныя дамовы, і не патрэбна было б рабіць спэцыяльную бязьвізавую зону на Аўгустоўскім канале.

Нагадаю, што дамовы гэтыя падпісаныя і ратыфікаваныя ў Літве і Польшчы даўно, у 2010 і 2011 гадах, але Беларусь усё чагосьці баіцца, раней спасылалася на «антибелорусскую позиции польского правительства», цяпер проста замарозілі. Цяпер дзейнічае пакуль што толькі дамова аб малым памежным руху Беларусі з Латвіяй.

Другім крокам Беларусі патрэбна было б увогуле адмовіцца ад візаў для грамадзян Эўразьвязу, як гэта зрабіла Ўкраіна адразу пасьля Аранжавай рэвалюцыі ў 2004 годзе. Цяпер Украіна завяршае свае перамовы з Брусэлем аб тым, каб і ўкраінцам не былі патрэбныя візы ў Эўразьвязе.

І вось кароткая статыстыка па Ўкраіне і Беларусі:

Першае, з чаго варта было б пачаць, — гэта ратыфікаваць і ўвесьці ў дзеяньне падпісаныя ўжо дамовы аб малым памежных руху паміж Беларусьсю і Польшчай, а таксама Літвой. Па гэтых дамовах пад бязьвізавыя паездкі патрапляць і Горадня, і Берасьце, і Беласток, і Вільня. Ажывіце гэтыя замарожаныя дамовы, і не патрэбна было б рабіць спэцыяльную бязьвізавую зону на Аўгустоўскім канале

Летась ва Ўкраіну, якая працягвае ваяваць з Расеяй, прыехала 12,4 мільёна замежных грамадзян.

У Беларусь летась прыехала 550 тысяч іншаземцаў (гэта ў 20 разоў менш, чым у ваюючую Ўкраіну) і то збольшага ў Беларусь едуць расейцы.

Рухацца ў гэтым кірунку, адмаўляцца ад жорсткіх візавых бар’ераў несумненна трэба, візавы рэжым — гэта перажытак ХХ стагодзьдзя, халоднай вайны і недаверу паміж краінамі. Перакананы, што пара ад яго адмаўляцца. Беларусь як дзяржава, якая аточаная Шэнгенскімі краінамі, у гэтым ці не найбольш зацікаўленая.

Іншае пытаньне, ці будзе турыстычны бум у Беларусі, калі пачнецца бязьвізавы рэжым для грамадзян краінаў Эўразьвязу. Думаю, што буму ня будзе. Але рост будзе. За кошт Польшчы, Літвы, Латвіі, за кошт мэдыцынскага турызму, проста больш цікаўных прыедзе, тых, хто мае карані ў Беларусі. А каб прыехала больш турыстаў, патрэбная лепшая інфрастуктура, гатэлі, кавярні, патрэбна аднаўляць эўрапейскую спадчыну Беларусі, ну не завабліваць жа турыстаў Ленінымі ў кожным горадзе.

Глод: Тут Валер Каліноўскі распавядаў пра турыстычныя посьпехі Ўкраіны. І гэта невыпадкова. На тэрыторыі былога Савецкага Саюзу існуюць два падыходы да візавай праблемы. Першы — украінскі. Нашы паўднёвыя суседзі адмянілі ўязныя візы для грамадзян усіх краін, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону. І зрабілі гэта ня сёньня і нават ня ўчора. А яшчэ 10 год таму. Да таго ж падобнае права маюць і грамадзяне ЗША, Канады, Японіі. Прычым ва Ўкраіну іншаземцы могуць дабірацца ня толькі самалётам праз аэрапорт, а ва ўсіх месцах пропуску. І знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны яны могуць не 5 дзён, а 90.

Другі падыход — таджыцкі. У гэтай краіне іншая практыка. Тут віза выдаецца ў адзіным міжнародным аэрапорце. Выдаецца без праблем усім, хто прылятае з пашпартам «багатых» краін. Прычым самі таджыкі кажуць, што ня бралі б візавы збор зусім, калі б іх краіне так моцна не была б патрэбная валюта.

Адна з галоўных прычын, чаму Беларусь, у параўнаньні зь іншымі краінамі, мала наведваюць турысты, гэта дарагія візы і нязручнасьць іх атрыманьня

Беларуская бюракратыя дае пра сябе знаць. Адна з галоўных прычын, чаму Беларусь, у параўнаньні зь іншымі краінамі, мала наведваюць турысты, гэта дарагія візы і нязручнасьць іх атрыманьня. Гэта прызнаюць у Міністэрстве спорту і турызму, якое адказвае за разьвіцьцё турызму. Таму чыноўнікі міністэрства ўжо даўно прапануюць спрасьціць візавы рэжым. Аднак істотных зьмяненьняў да апошняга часу не было.

Нарэшце нешта зрушылася, хоць указ яшчэ не падпісаны. Але калі верыць намесьніку міністра спорту і турызму Міхаілу Партному, то да праекту ўказу ўзьнікае шэраг пытаньняў: Чаму магчымае новаўвядзеньне тычыцца толькі аэрапорту? Бо вядома, што палёт самалётам у Менск з большасьці эўрапейскіх гарадоў нашмат даражэйшы за аналягічныя палёты ў іншыя краіны і гарады, напрыклад, у Вільню. Чаму тэрмін знаходжаньня бязь візы абмежаваны пяцьцю днямі, а не пятнаццацьцю?

Падобна, што ў сьпіс краін з 5-дзённым бязьвізавым рэжымам трапяць нашы суседзі — Літва ці Польшча. Але ці скарыстаюцца яны такой магчымасьцю? Думаю, толькі ў самых тэрміновых выпадках. Бо для таго, каб трапіць у Беларусь бязь візы, ім прыйдзецца плаціць за даволі дарагія пералёты, замест таго каб сесьці на аўтобус ці цягнік, які таньнейшы ў некалькі разоў.

А калі казаць пра зручнасьць і эканамічны эфэкт для беларусаў, то галоўнае для нас — гэта пабудова бязьвізавай прасторы з краінамі Эўрапейскага Зьвязу. Магчыма, гэта першы крок. Другім мусіць стаць увядзеньне прыпамежнага перасоўваньня з Польшчай і Літвой. І ўрэшце — адмена візаў.

Аднак пакуль улады Беларусі хочуць атрымліваць толькі эканамічную выгаду і супрацоўнічаць толькі на сваіх умовах. А гэта ня ўмовы цывілізаваных дачыненьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG