Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўрапейскі клюб» задумаў беларускамоўныя курсы ангельскай, нямецкай і польскай моваў


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Сябры Менскага эўрапейскага клюбу і яго былы каардынатар, а цяпер намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юры Меляшкевіч зьбіраюцца ў найбліжэйшы час распачаць курсы замежных моў, якія будуць весьціся па-беларуску.

Курсы будуць некамэрцыйнымі, але на самазабесьпячэньні: наведнікам давядзецца плаціць унёсак прыблізна 20 рублёў на месяц, што ў некалькі разоў таньней за камэрцыйныя курсы.

Юры Меляшкевіч

Юры Меляшкевіч

«Цяпер мы праводзім плянаваньне арганізацыі курсаў, — распавядае Свабодзе Меляшкевіч. — Разглядаем некалькі варыянтаў памяшканьняў, у тым ліку офісы грамадзкіх арганізацыяў, перш за ўсё руху „За свабоду“, ці офісы тых інстытуцыяў, зь якімі мелі раней кантакты. Рух ужо ладзіў раней курсы ангельскай мовы, таму ў нас ёсьць база адпаведных выкладчыкаў. Цяпер шукаем людзей, якія маглі б весьці курсы польскай і нямецкай моў.

Умова такая, каб курсы несьлі ў сабе эўраінтэграцыйны характар, давалі інфармацыю пра аб’яднаную Эўропу і эўрапейскую ідэнтычнасьць Беларусі. Для нас вельмі важнае вывучэньне эўрапейскай мовы з умацаваньнем эўрапейскай і беларускай ідэнтычнасьці слухачоў».

Меляшкевіч пагаджаецца з тым, што наведнікам можа быць цяжэй, чым на расейскамоўных курсах: шмат хто ў Беларусі вывучаў беларускую як замежную, попытам карыстаюцца курсы ўласна беларускай мовы.

«Але мы запрашаем тых людзей, якія хочуць замацаваць сваю беларускую і эўрапейскую ідэнтычнасьць, якія разглядаюць сваю ўнутраную культуру як частку суцэльнай эўрапейскай, — дадае ён. — Таму я думаю, што гэтая складанасьць будзе кампэнсаваная матывацыяй».

XS
SM
MD
LG