Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Лукашэнку зноў унесьлі ў сьпіс «ворагаў прэсы»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» залічыла кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку ў «ворагі свабоды прэсы».

Лукашэнка стаіць у адным шэрагу з тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавай», «Талібанам», Уладзімерам Пуціным, Кім Чэн Ынам, Башарам Асадам, Робэртам Мугабвэ, Рэджэпам Эрдаганам, Рамзанам Кадыравым, Нурсултанам Назарбаевым, Ільхамам Аліевым ды іншымі дыктатарамі.

«Рэпартэры бязь межаў» называюць Лукашэнку «ворагам прэсы» з 1994 году і абвінавачваюць у тым, што ён «арганізуе свае перавыбары кожныя пяць гадоў, звычайна атрымліваючы звыш 80% галасоў».

Ягоны стыль атакі на прэсу называецца «савецкім» (у Пуціна, напрыклад, «нацыяналістычным аўтарытарызмам», у Назарбаева — «мэгаляманска-аўтакратычным»).

Лукашэнка сёньня спрабуе ачысьціцца ад званьня «апошняга дыктатара Эўропы», але яму трэба дзякаваць за тое, што Беларусь завецца «паркам Юрскага пэрыяду савецкай эры», піша арганізацыя. Згадваюцца арышты ста журналістаў падчас «маўклівых пратэстаў» 2011 году — цяпер такога не адбываецца, палітвязьні адпушчаныя, але насамрэч нічога не зьмянілася, піша арганізацыя.

«Рэпартэры бязь межаў» пералічваюць: замежным журналістам адмаўляюць у акрэдытацыі, а за працу безь яе перасьледуюць; робяцца спробы кантраляваць інтэрнэт; незалежныя сайты блякуюцца, а за іх карыстальнікамі сочаць; суполкі апазыцыйных груповак у сацсетках зьнішчаюцца; кантэнт правяраецца Апэратыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзыдэнце.

Афіцыйная пазыцыя Лукашэнкі да прэсы называецца радыкальнай, згадваюцца яго словы 2002 году пра тое, што СМІ — «найбольш магутная зброя масавага паражэньня нашай эры».

У 2015 годзе журналістам было выпісана 28 штрафаў, на момант публікацыі сьпісу адзін журналіст знаходзіўся за кратамі (блогер Эдуард Пальчыс цяпер не ў турме, яму далі ўмоўны тэрмін за «экстрэмізм» і «распаўсюд парнаграфіі»).

Беларусь знаходзіцца на 157-м месцы са 180 ў рэйтынгу свабоды прэсы, што ёсьць найгоршым вынікам у Эўропе (Расея на 148-м, Украіна на 107-м).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG