Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зацікавяць Беларусь расейскія зьніжкі на транзыт


Ці скарыстае Расея ў дачыненьні да Беларусі разам з транзытным пернікам і дзяржаўны бізун? Наколькі вялікія расейскія транспартныя зьніжкі? Ці ўдасца Маскве ўцягнуць Менск ў транзытную залежнасьць?

Удзельнічаюць Уладзімер Глод, Ігар Ільяш, Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч: На пачатку тыдня расейская газэта «Коммерсант» пісала пра намеры расейскіх уладаў пераарыентаваць беларускі транзыт нафтапрадуктаў з балтыйскіх на расейская парты.


І вось пацьверджаньне гэтых намераў. 20 кастрычніка прыйшло паведамленьне, што Расейская чыгунка вызначыла 25% зьніжкі на транзытныя перавозкі нафтапрадуктаў зь беларускіх станцыяў Барбароў і Наваполацак у напрамку партоў на паўночным захадзе Расеі. Зьніжка дзейнічае да 31 сьнежня 2018 году.

Як будуць на гэта рэагаваць беларускія ўлады? Тут вельмі важна, ці будзе Расея, акрамя перніка, выкарыстоўваць і бізун. То бок — ці будзе Расея імкнуцца замацоўваць у міжурадавым пагадненьні, якое рэглямэнтуе бязмытныя пастаўкі нафты з Расеі для перапрацоўкі на беларускіх НПЗ, абавязаньні Беларусі па экспарце пэўных абʼёмаў нафтапрадуктаў праз расейскія парты. Інакш кажучы, пакуль незразумела, ці стане Расея ўвязваць у адзін пакет абʼёмы пастаўкі нафты для Беларусі і транзыт нафтапрадуктаў праз расейскія парты.

Калі казаць толькі пра пернік, то ён выглядае ня надта прывабна. Па-першае, ужо шмат гадоў уся лягістыка транзыту нафтапрадуктаў зарыентаваная на балтыйскія парты. Там створана адпаведная інфраструктура. У Латвіі створана даччыная кампанія Беларускай нафтавай кампаніі, празь якую прадаюцца нафтапрадукты.

Вось якраз прыйшло паведамленьне, што літоўская кампанія па перавалцы нафты Klaipedos nafta падпісала зь «Беларускай нафтавай кампаніяй» трохгадовую дамову аб перавалцы мазуту. Дамова ўступіць у сілу 1 лістапада гэтага году і страціць сілу 31 кастрычніка 2019 году. Усё гэта рваць, ствараць новую лягістычную сыстэму — ня надта рацыянальна.

пакуль пэрспэктывы пераарыентацыі беларускага транзыту нафтапрадуктаў на расейскія парты даволі цьмяныя

Па-другое, Расейская чыгунка прапануе зьніжку толькі на два гады. А што далей? Па-трэцяе, трэба меркаваць, што Расейская чыгунка робіць гэтую зьніжку для беларусаў сабе на страту. Гэта значыць, яна павінна атрымліваць нейкую кампэнсацыю з расейскага бюджэту. Калі гэтая кампэнсацыя зьявіцца, ці хопіць грошай у тым бюджэце? І як гэтая сытуацыя адаб’ецца на графіку транзыту грузаў? Пакуль няма адказу на гэтыя пытаньні.

І нарэшце, па-чацьвёртае, на сытуацыю ўплывае палітычны ці геапалітычны чыньнік. Толькі што беларускі міністар замежных спраў Уладзімер Макей пасьпеў у Варшаве заявіць, што Беларусь хоча аслабіць эканамічную залежнасьць ад Расеі. Таму, думаю, пакуль пэрспэктывы пераарыентацыі беларускага транзыту нафтапрадуктаў на расейскія парты даволі цьмяныя.

Ігар Ільяш: Звычайна ўсе нафтагазавыя, транзытныя пытаньні ў беларуска-расейскіх адносінах мы пераводзім у плоскасьць выключна палітычную. Але, мне здаецца, гэта не заўсёды правільна. Я, напрыклад, не лічу, што прапанова расейскага боку аб значнай зьніжцы на транзыт нафтапрадуктаў — гэта такая хітрая геапалітычная камбінацыя, мэта якой — яшчэ мацней прывязаць Беларусь да Расеі. Геапалітычны складнік калі і ёсьць, то ён тут мінімальны. У асноўным я тут бачу рэальныя эканамічныя інтарэсы тых ці іншых гульцоў.

наўрад ці беларускі бок пагодзіцца перанакіроўваць нафтапрадукты ў расейскія парты

Вось спадар Карбалевіч кажа, што Расейская чыгунка робіць гэтую зьніжку беларусам сабе на страту. Я ня ўпэўнены ў гэтым, бо ёсьць і іншыя меркаваньні з боку экспэртаў у нафтагазавай галіне. Ініцыятыва Расейскай чыгункі (якую расейскія экспэрты лічаць надзвычай неэфэктыўнай дзяржаўнай карпарацыяй) — гэта перш за ўсё жаданьне пазьбегнуць страт кампаніі на фоне тых аб’ектыўных працэсаў, якія цяпер назіраюцца. Я маю на ўвазе сыход нафтавых грузаў у нафтаправоды. Чакаецца, што толькі па выніках гэтага году перавозка нафты Расейскай чыгункай зьнізіцца больш як на 6%. То бок расейская карпарацыя спрабуе рэагаваць на гэтыя працэсы, шукае магчымасьці, як павысіць грузаабарот і неяк прыцягнуць новыя кантракты. Вядома, што Расейская чыгунка — гэта вельмі ўплывовая карпарацыя, і яна мае дастаткова магчымасьцей, каб лабіраваць свае інтарэсы.

Але наўрад ці беларускі бок пагодзіцца перанакіроўваць нафтапрадукты ў расейскія парты. Па-першае, Беларуская нафтавая кампанія прытрымліваецца зусім іншай стратэгіі — менш прадаваць праз парты, а больш на сумежных рынках. Бо ў гэтым выпадку кампанія атрымлівае больш прыбытку. Па-другое, расейскія парты — ня вельмі прывабная замена балтыйскім. У краінах Балтыі створана добрая інфраструктура, каб больш эфэктыўна прадаваць нафтапрадукты, там ёсьць канкурэнцыя, дзякуючы якой можна заўсёды дабівацца нейкіх новых зьніжак. Дый проста нагадаю, што зьніжка, якую дае Расейская чыгунка, зробіць, як пішуць СМІ, расейскі напрамак для Беларусі толькі супастаўляльным з балтыйскім, а ня больш прывабным. Але па сукупнасьці фактараў расейская чыгунка менш канкурэнтаздольная.

Застаецца адкрытым пытаньне, ці будзе Масква зьвязваць вырашэньне гэтага пытаньня з пытаньнем аб’емаў паставак нафты з Расеі для перапрацоўкі на беларускіх НПЗ. Я асабіста сумняюся, бо гэта, здаецца, надта розныя праблемы, і вырашаць іх у адным пакеце было б неразумна перш за ўсё для самой Масквы. Але і выключаць такую магчымасьць я б ня стаў.

Глод: Хачу заўважыць, што гэтая спроба Расеі пераарыентаваць беларускі транзыт нафтапрадуктаў з балтыйскіх на расейскія парты ня першая. Яшчэ гадоў пяць таму такі варыянт быў прапанаваны Масквой Менску. Але тады беларусы не пасьпяшаліся сказаць «так». Я памятаю, ва ўрадзе была створаная адмысловая камісія, якая павінна была пралічыць усе плюсы і мінусы гэтай ініцыятывы. Аднак далей за разьлікі справа не пайшла. Лягістыка расейскага маршруту для Беларусі дрэнная. Везьці нафтапрадукты праз Расею значна даражэй. Таму гэты варыянт быў непрывабны. Хутчэй за ўсё, беларусы папрасілі ў расейцаў занадта вялікую кампэнсацыю за тыя страты, якія яны панясуць, калі адмовяцца ад балтыйскага транзыту. Тады справа паступова заглухла.

І вось новая спроба з боку Масквы. Наколькі яна пэрспэктыўная? Некаторыя выданьні ўжо пасьпяшаліся заявіць, што літоўцы апярэдзілі расейцаў у барацьбе за перавалку беларускай нафты. Падстава для такога меркаваньня — наступная (яе ўжо згадваў спадар Карбалевіч): літоўская кампанія Klaipedos nafta падпісала зь «Беларускай нафтавай кампаніяй» трохгадовы дагавор аб перавалцы мазуту. «Гэтая дамова забясьпечвае пагрузкі нафтапрадуктаў з асноўных заводаў Беларусі — з Мазырскага НПЗ і з НПЗ „Нафтан“. Доўгатэрміновае супрацоўніцтва даказвае, што Klaipedos nafta валодае ўсімі неабходнымі тэхналягічнымі магутнасьцямі, апэратыўна рэагуе на патрэбы кліента і забясьпечвае якасьць паслуг», — кажа гендырэктар Klaipedos nafta. Такім чынам, рашэньне расейскіх чыгунак аб 25% зьніжцы на транзыт нафтапрадуктаў выглядае запозьненым.

цяпер больш за 90% экспарту нафтапрадуктаў зь Беларусі ідзе ў напрамку краін Балтыі і чарнаморскіх партоў Украіны

Але слушна казаў Ігар Ільяш, што цяпер зноў трэба будзе лічыць усё. І вось некаторыя экспэрты кажуць, што зьніжка расейскіх чыгуначнікаў настолькі істотная, што яна зробіць тарыф чыгунак у гэтым кірунку супастаўным з тарыфамі на парты Вентсьпілсу і Клайпеды. Да таго ж у шэрагу СМІ Расеі зьявіліся публікацыі пра тое, што Крэмль прапануе замацаваць у міжурадавым пагадненьні, якое рэглямэнтуе бяспошлінныя пастаўкі нафты з Расеі для перапрацоўкі на беларускіх НПЗ, абавязаньні Беларусі па экспарце пэўных аб’ёмаў нафтапрадуктаў выключна праз расейскія парты. Раней такога пункту ў дакумэнце не было.

І гэта пры тым, што цяпер больш за 90% экспарту нафтапрадуктаў зь Беларусі ідзе ў напрамку краін Балтыі і чарнаморскіх партоў Украіны. Так што я тут не сьпяшаўся б казаць, што далей зробіць афіцыйны Менск. Калі расейскі бок будзе настойваць на зьяўленьні новага пункту, то беларускаму боку будзе складана. Нават калі дамова з клайпедзкім портам ужо падпісаная. Думаю, што на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі Крэмль уздыме гэтую тэму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG