Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы беларускі хакер пра арыштаванага ў Празе расейца: Хачу дапамагчы з салідарнасьці


Дзьмітры Наскавец
Дзьмітры Наскавец

Беларус Дзьмітры Наскавец, які адседзеў чатыры з паловай гады ў амэрыканскіх турмах, зьвярнуўся праз расейскамоўны партал у Чэхіі да сваякоў і сяброў арыштаванага ў Празе расейца, якога падазраюць ў нападах на сайты ЗША. Наскавец, якога ў 2010 годзе арыштавалі ў Празе за інтэрнэт-махлярства і перадалі ўладам Злучаных Штатаў, кажа, што хоча дапамагчы затрыманаму парадамі.

Наскавец: Тут чыста практычная і маральная дапамога чалавеку, бо я цалкам быў у ягонай сытуацыі. Ён цяпер у чэскай турме, дзе ахоўнікі не размаўляюць па-расейску, а ягоны бясплатны адвакат хутчэй за ўсё не разумее, што адбываецца. І я проста хацеў дапамагчы яму і ягоным сваякам, даць парады, у якім кірунку рухацца.

Я адразу патэлефанаваў знаёмаму адвакату.

Я разумею наколькі чалавек у шоку, бо я ж на момант арышту жыў у Празе, а ён, наколькі разумею, прыехаў як турыст. Ён у чужой краіне, ня мае сяброў і блізкіх людзей. Я адразу патэлефанаваў знаёмаму адвакату, і наша галоўная мэта — каб ягоныя блізкія ці сваякі зьвязаліся са мной.

Радыё Свабода: А ці Вы ўпэўнены, што ён знаходзіцца ў такой самай сытуацыі? Бо Вы былі прыватнай асобай. Магчыма, што ён таксама, але ў кантэксьце цяперашніх выбараў у ЗША гавораць пра сувязь расейскіх хакераў са спэцслужбамі.

Палітыка — гэта не мая кампэтэнцыя.

Наскавец: Палітыка — гэта не мая кампэтэнцыя. Чалавек знаходзіцца ў Празе і яго хочуць экстрадаваць у ЗША. У гэтым сэнсе ягоная сытуацыя падобная да маёй. А размовы наконт спэцслужбаў гэта надта складана і заблытана. Хацелася б найперш пачуць ягоныя думкі і пачаць размову зь ягонымі сваякамі і блізкімі — што ён з гэтай нагоды думае.

Радыё Свабода: Вы ў свой час не аспрэчвалі экстрадыцыю ў ЗША, і дамаўляліся з абвінавачаньнем...

Наскавец: Я ні ў якім разе не даю юрыдычных парадаў, бо я не спэцыяліст і не юрыст. Яго яшчэ ніхто не прызнаў вінаватым ні ў чым. Хачу яму дапамагчы маральна.

Напрыклад, я ведаю, што там у турэмнай бібліятэцы няма расейскамоўных кніжак. Хачу прыслаць яму кніжку. Хачу расказаць ягонай маме, як даслаць яму грошы, каб ён мог купіць там сабе ежы. Мая прапанова аб дапамозе ў гэтым кірунку.

Радыё Свабода: Ці можна казаць, што з вашага боку гэта «хакерская салідарнасьць» і ёсьць цяпер увогуле такая рэч як хакерская супольнасьць?

Мы належым да аднаго клану.

Наскавец: Так, так, так. Гэта абсалютна дакладна. Мы належым да аднаго клану, і таму я моцна пранікаюся ягонай сытуацыяй. І я разумею, што яму ніхто ня можа даць парады, акрамя такіх як я — тых, хто прайшоў такі самы шлях. Першыя 40 дзён свайго арышту ў чужой краіне я запомню на ўсё жыцьцё.

Радыё Свабода: А наколькі можна казаць пра хакераў як пра нейкую супольнасьць у сучасным сьвеце? Ці ёсьць розныя катэгорыі — тыя, хто працуе на ўрады...

Наскавец: Расейскамоўная кібэрпрастора даволі дружная і салідарная. А што тычыцца палітычных меркаваньняў, дык тут усё індывідуальна.

Радыё Свабода: А тое, што яго арыштавалі ў Празе, як і Вас, гэта нейкая заканамернасьць ці выпадковасьць?

Наскавец: Гэта проста геаграфічнае месца. Калі б ён паляцеў у Амстэрдам, арыштавалі б у Амстэрдаме, паляцеў бы ў Парыж — дык у Парыжы. Але пра ўсё палітычныя моманты трэба пытацца ў яго самога і ў ягонага адваката.

Радыё Свабода: Сёньня зьявілася інфармацыя, што затрыманы гэта Яўгеній Аляксандравіч Нікулін, 1987 году нараджэньня, які ў сацыяльных сетках паказваў, што жыве на шырокую нагу, расказваў пра свае дарагія аўтамабілі — Lamborghini, Bentley. Магчыма нешта з гэтай інфармацыі проста хвальба, але такі лад жыцьця ў хакера вас не зьдзіўляе?

Тут сытуацыя чалавека, які ня меў грошай, а потым рэзка зьявіліся грошы.

Наскавец: Гэта ніяк не зьвязана з хакерствам. Тут сытуацыя чалавека, які ня меў грошай, а потым рэзка зьявіліся грошы. Такую ж памылку робяць ня толькі хакеры, а нейкія, напрыклад, рэп-выканаўцы ў Амэрыцы. Калі б чалавек быў з багатай сям’і, ён бы нарадзіўся пры гэтых атрыбутах і меў бы болей досьведу з такімі рэчамі. А гэта памылка любага чалавека, які вырас ў простай сям’і і ў нейкі момант атрымаў доступ да грошай.

Дзьмітры Наскавец быў арыштаваны ў Празе ў 2010 годзе і экстрадаваны ў ЗША. Разам з напарнікам яны зрабілі вэб-рэсурс для «кардэраў», які дапамагаў абыходзіць сыстэмы бясьпекі амэрыканскіх банкаў. Злачыннымі паслугамі скарысталіся больш за 2 тысячы чалавек. Наскаўцу пагражала да 40 гадоў турмы, але ён пайшоў на дамову з абвінавачаньнем і адседзеў чатыры з паловай гады. Пасьля вызваленьня ён здолеў пазьбегнуць дэпартацыі ў Беларусь і разам зь некалькімі іншымі былымі хакерамі стварыў у ЗША фірму ў сфэры інфармацыйнай бясьпекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG