Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры краінаў ЭЗ асудзілі рэжым Асада і Расею


Міністры замежных спраў краін ЭЗ рашуча асудзілі сырыйскі рэжым і Расею за авіяўдары па цывільных абʼектах ва ўсходняй частцы Алепа, якая знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў. У заяве гаворыцца, што ўдары могуць быць прыроўненыя да «ваенных злачынстваў».

Усе 28 міністраў краін ЭЗ падпісалі заяву, у якой адзначаецца, што ад пачатку наступу войскаў Башара Асада, інтэнсіўнасьць і маштабы авіяналётаў на ўсходнія раёны Алепа відавочна неадпаведныя патрэбам вырашэньня ваенных задач.

У заяве гаворыцца аб наўмысных бамбаваньнях шпіталёў, абʼектаў гаспадарчай інфраструктуры. Пры гэтым прымяняюцца бочкавыя бомбы, касэтныя і хімічныя боепрыпасы.

Ініцыятарамі рашучага асуджэньня сталі на сустрэчы міністраў 17 кастрычніка ў Люксэмбургу кіраўнікі МЗС Францыі і Вялікабрытаніі. Назваўшы Расею «лялькаводам» сырыйскага рэжыму, міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Барыс Джонсан заявіў, што бамбаваньні Алепа «ганебныя». Кіраўнік МЗС Францыі Жан-Марк Эйро сказаў, што міністры разгледзелі ўсе магчымасьці для аказаньня больш дзейснага ціску на Асада і яго саюзьнікаў.

Раней у той жа дзень, кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Федэрыка Магерыні заявіла, што ніводная з краінаў ЭЗ не ўздымала пытаньне аб увядзеньні санкцый супраць Расеі ў сувязі з бамбаваньнем Алепа. Яна дадала, што захоўваюцца магчымасьці для падаўжэньня абмежавальных мераў супраць рэжыму Асада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG