Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Днямі ў Інтэрнэце зьявілася інфармацыя, што невядомая хакерская групоўка ўзламала базу дадзеных амэрыканскага ўрадавага фонду USAID.

Некалькі ўкраінскіх і малдоўскіх сайтаў зьмясьцілі паведамленьне пра «доказы» амэрыканскага фінансаваньня «моладзевых і патрыятычных арганізацыяў» Украіны, Беларусі і Малдовы.

Аўтары паведамленьняў спасылаюцца на інфармацыю, якая была зьмешчаная дагэтуль нідзе не вядомай групоўкай #Money_Leaks_Organization на сайце pastebin.com — рэсурсе, дзе праграмісты публікуюць і захоўваюць тэкставую інфармацыю, пераважна праграмныя коды. Апошнім часам сайт стаўся пляцоўкай, дзе сваімі «дасягненьнямі» дзеляцца хакеры.

У агучаных дакумэнтах — лістах за 13 верасьня 2016 году — якія хакеры нібыта здабылі з базы дадзеных фонду, утрымліваецца інфармацыя аб фінансаваньні моладзевых арганізацый з Украіны, Беларусі і Малдовы. Там паведамляецца, што USAID шукае маладых людзей ва ўзросьце ад 17 да 25 гадоў, якія маюць досьвед правядзеньня маштабных мерапрыемстваў, грамадзкіх ініцыятываў і флэшмобаў.

Зь беларускіх арганізацый гаворка ў лістах ідзе пра «Малады Фронт» (Molodoy Front — sic!) і Партыю БНФ. Актывістам гэтых арганізацый прапануецца прыняць удзел у трэнінгу ва Ўкраінскім патрыятычным лягеры, дзе ў ролі настаўнікаў выступяць спэцыялісты ўкраінскіх недзяржаўных арганізацый, якія бралі ўдзел у Аранжавай рэвалюцыі і Эўрамайдане. Як гаворыцца ў дакумэнце, яны «падзеляцца досьведам барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасьці».

За ўдзел у трэнінгу сябрам «Маладога фронту» і ПБНФ USAID, нібыта, прапануе грант памерам 650 даляраў месячна. Паводле дадзеных хакерскай групы, на гэткія мерапрыемствы выдзелена больш за 10 000 даляраў.

У лісьце таксама прапануюцца мікрагранты на агульную суму 50 тысяч даляраў. На гэтую падтрымку могуць прэтэндаваць вулічныя акцыі, пра якія паведамяць эўрапейскія СМІ.

Ужо першы — лінгвістычны — тэст на аўтэнтычнасьць апублікаваных дакумэнтаў выклікаў абгрунтаванае падозраньне, што перад намі чарговы фэйк. Наш англамоўны калега ўважліва прачытаў тэкст «афіцыйных лістоў USAID» і назваў іх ангельскую мову «даволі няўклюднай». Памылкі ва ўжываньні артыкляў, паводле яго, сьведчаць, што тэкст пісаў чалавек, чыя родная мова артыкляў ня мае.

У прадстаўніцтве USAID у Кіеве пасьля знаёмства зь лістом расьсьмяяліся. Праграма фонду, пад шыльдай якой, нібыта, адбываецца дапамога няўрадавым арганізацыям краін Усходняй Эўропы, насамрэч адрасаваная выключна ўкраінскім арганізацыям.

Да таго ж, у верасьні, як паведамілі Радыё Свабода ў фондзе, чалавек, чый подпіс стаіць на дакумэнце, увогуле не працаваў на пазначанай пасадзе.

Пададзены ў лісьце адрас электроннай пошты для кантактаў знаходзіцца на сэрвэры gmail.com, што нехарактэрна для амэрыканскай урадавай арганізацыі.

Як у шматлікіх ранейшых фэйках, і гэтым разам аўтараў найперш выдае недасканалае валоданьне замежнымі мовамі — у гэтым, выпадку ангельскай і беларускай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG