Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь БНФ» патрабуе вярнуць Ларысу Геніюш у школьную праграму


Ларыса Геніюш

Ларыса Геніюш

Кампанія за рэабілітацыю беларускай паэткі і грамадзкай дзяячкі Ларысы Геніюш #Геніюш2016 распачалася ўлетку. На яе першым этапе актывісты «Моладзі БНФ» сабралі больш за 1200 подпісаў — у асноўным падчас перадвыбарчых пікетаў Партыі БНФ.

На наступным этапе кампаніі актывісты працягнуць зьбіраць подпісы (у тым ліку і пры дапамозе анлайн-плятформы), а таксама будуць патрабаваць наданьня адной з вуліц у горадзе Зэльве імя паэткі, усталяваньня помніка Ларысе Геніюш і ўключэньня яе твораў у школьную праграму. Таксама плянуецца шэраг мерапрыемстваў у гонар паэткі.

Як паведамляе сайт арганізацыі, 11 кастрычніка кіраўнік «Моладзі БНФ» Юрась Лукашэвіч накіраваў просьбу да старшыні Зэльвенскага райвыканкаму пра перайменаваньне адной з вуліц у гонар Ларысы Геніюш, наданьне паэтцы статусу ганаровай жыхаркі Зэльвы, а таксама прапанову правесьці вечарыны памяці і літаратурныя чытаньні яе імя ў навучальных установах Зэльвы. Юрась Лукашэвіч ад імя арганізацыі выказаў гатоўнасьць дапамагчы з правядзеньнем гэтых мерапрыемстваў.

Юрась Лукашэвіч

Юрась Лукашэвіч

«Незалежна ад адказу Зэльвенскага райвыканкаму мы будзем праводзіць такія мерапрыемства на сваіх пляцоўках, працаваць над папулярызацыяй творчасьці Ларысы Геніюш і ўшаноўваць памяць пра яе ўсімі магчымымі сродкамі», — сказаў Юрась Лукашэвіч.

Старшыня «Моладзі БНФ» дадаў, што актывісты арганізацыі, сярод якіх нямала ўчорашніх і сёньняшніх школьнікаў, лічаць, што Ларыса Геніюш — не адзіны беларускі аўтар, творы якога неабходна вярнуць ці дадаць у школьную праграму:

«Шмат каго трэба вярнуць у школьную праграму. Але калі мы плянавалі кампанію на гэты год, то спыніліся на Ларысе Геніюш, таму што гэта няскораная жанчына, добры вобраз: яна ніколі не здавалася, заўсёды змагалася, але яе ні за што асудзілі і пакаралі. Таму мы лічым вельмі важным дамагчыся рэабілітацыі Ларысы Геніюш і папулярызацыі яе творчасьці».

У найбліжэйшы час актывісты «Моладзі БНФ» маюць намер сустрэцца з прадстаўнікамі Міністэрства культуры, каб перадаць свае прапановы па кампаніі рэабілітацыі паэткі.

На VI зьездзе «Моладзі БНФ», які прайшоў 9 кастрычніка, дэлегаты ўхвалілі плян правядзеньня кампаніі, зьвязанай з рэабілітацыяй Ларысы Геніюш.

Старшынём «Моладзі БНФ» тады ж быў абраны Юрась Лукашэвіч. Ён навучаецца на першым курсе гістарычнага факультэту БДУ, да арганізацыі далучыўся ў жніўні 2015 году.

XS
SM
MD
LG