Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы і цяпер адчуваем сябе ў небясьпецы» — супрацоўнікі ГЦ «Эўропа»




Сьведкі трагедыі ў ГЦ «Эўропа», дзе 8 кастрычніка 17-гадовы хлапец забіў бэнзапілой адну жанчыну і параніў сякерай другую, сёньня зноў выйшлі на працу.

Ангеліна — афіцыянтка ў кавярні на першым паверсе цэнтру разам з калегай Кацярынай убачыла, што навокал пачынаецца паніка: крыкі, бягуць маленькія дзеці.


— Спачатку мы нічога не зразумелі. Першае, што я зрабіла, — схавала дзетак наведнікаў кавярні за горкай-атракцыёнам ля ўваходу. Дарослыя трымалі іх, каб тыя ляжалі ціхенька і забойца іх ня ўбачыў, — распавядае дзяўчына.


Паводле сьведкаў, 17-гадовы хлопец у масцы зваршчыка, у нэонавым аранжавым строі і джынсах зайшоў у гандлёвы цэнтар «Эўропа» праз бакавы ўваход. Адны крыніцы сьцьвярджаюць, што бэнзапілу ён дастаў з чахла ад гітары, іншыя ўпэўненыя: ён трымаў бэнзапілу проста ў руках.

— Я курыла на ганку і размаўляла зь сяброўкай па тэлефоне. У гэты момант нейкі дзівак з бэнзапілой прайшоў міма, але трохі затрымаўся і паглядзеў у мой бок. Я яшчэ пажартавала: дровы ідзе пілаваць ці што? А потым — жах, паніка... Я бачыла, як ён падбег да жанчыны, паднёс бэнзапілу да горла, яна аж нахілілася, а пасьля ўпала мёртвая. Я дагэтуль на супакаяльных леках трымаюся, ня ведаю, як на працу здолела выйсьці, — распавядае Сьвятлана.

«Мы і цяпер адчуваем сябе ў небясьпецы. Шкляныя дзьверы салёну ня выратуюць ад удару сякерай», — кажа дзяўчына.


Вядома, што загінулай жанчыне было 43 гады і яна нядаўна ўладкавалася ў краму оптыкі. Учора яна спусьцілася на першы паверх, каб набыць калготкі. Насупраць кіёску з калготкамі — піцэрыя «Плянэта Pizza». У паветры дагэтуль стаіць пах крыві і мэдыкамэнтаў, хаця падлога блішчыць ад чысьціні. Крама, дзе працавала ахвяра, сёньня зачыненая.

Аляксей працуе ў краме насупраць. Хлопец бачыў нападніка і дапамагаў ахове затрымліваць яго.


— Ён бег зь сякерай у руках, ззаду — чалавек пяць-шэсьць, кідаліся крэсламі, вёдрамі, усім запар. Спрабавалі спыніць. Рэакцыя хлопца была неадэкватнай. Мужчыны крыкнулі «Стаяць!», а той рушыў на іх. Пасьля ён зьбег па эскалятары, і там яго скруцілі ахоўнікі. Двое міліцыянтаў прыбеглі празь лічаныя хвіліны, перазараджаючы зброю на хаду, — узгадвае Аляксей.

Паводле супрацоўнікаў, пацярпела яшчэ і прыбіральшчыца.

— Мы не належым ні да якога прыватнага ахоўнага прадпрыемства, бо атрымаць такую ліцэнзію вельмі складана і дорага. Хіба нідзе ахова ня мае дазволу на карыстаньне спэцсродкамі. А ў такой сытуацыі яны маглі б выратаваць чалавечае жыцьцё, — кажа ахоўнік Андрэй Д.

Меркаваны злачынца быў затрыманы і дастаўлены ў РУУС для допыту, пазьней СК паведаміў, што на хлопца заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 139.2 КК РБ «Забойства».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG