Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка «хацеў бы больш апазыцыйных партыяў» у парлямэнце


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

На сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і сябрамі Савету Рэспублікі пятага і шостага скліканьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён «ня супраць узрастаньня ролі партыяў, але ня штучна і не на ніве антаганізму з уладамі», перадае БелаПАН.

«Сёньня ёсьць ужо ў парлямэнце прадстаўнікі апазыцыі, але мала. Я хацеў бы, каб было болей, — казаў Лукашэнка. — Але вельмі ўжо далёкая апазыцыя ад інтарэсаў народу».

Разам з тым Лукашэнка заявіў, што ўлады Беларусі ў час парлямэнцкіх выбараў зрабілі «ўсё, каб спадабацца ня толькі Захаду і амэрыканцам, але і каб не было сорамна за нас нашым сябрам у Расеі, Кітаі і Прыбалтыцы».

«Так, мы хацелі спадабацца нашымі выбарамі ўсім. Хіба гэта не натуральнае жаданьне? Тым больш ад гэтага залежаць эканоміка краіны і жыцьцё нашых людзей», — дадаў Лукашэнка.

Назіральнікі з СНД сапраўды засталіся задаволенымі працэсам і вынікамі выбараў. Але назіральнікі ад АБСЭ былі засмучанымі, бо чакалі значна большага прагрэсу ў дэмакратызацыі выбараў. Місія БДІПЧ АБСЭ назвала выбары ў Беларусі неадпаведнымі міжнародным стандартам.

Лукашэнка таксама адзначыў, што ў кіраўніцтве краіны няма лібэралаў ці кансэрватараў, а «ёсьць людзі, якія больш тэарэтыкі, чым практыкі». Але заявіў, што дэпутацкія мандаты заваявалі людзі «рознага спэктру поглядаў».

«Ведаеце, кажуць, апазыцыя прыйшла, лічаць — трое, чацьвёра і гэтак далей, — гаворыў Лукашэнка. — Падкрэсьліваю: гэта не мае разьлікі. Любы дэпутат, прыйшоўшы ў парлямэнт, мае свой пункт гледжаньня, тым больш што яго будуць падпіраць выбарнікі, якія жывуць пэўнымі праблемамі і якія чакаюць вырашэньня гэтых праблемаў. І дзяліць парлямэнт — гэта не маё. Для мяне гэта адзіны парлямэнт, і кожны дэпутат, як прадугледжана законам, валодае аднолькавымі паўнамоцтвамі».

Са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў толькі двух можна назваць прадстаўнікамі апазыцыі. Прадстаўнік апазыцыйнай партыі зьявіўся ў Палаце прадстаўнікоў упершыню зь яе заснаваньня. Сярод 64 сяброў Савету Рэспублікі такіх няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG