Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя фармуе «цэнтар народнага прадстаўніцтва»


У Менску адбываецца ўстаноўчая канфэрэнцыя Асамблеі народных прадстаўнікоў, створаная зь ліку кандыдатаў у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах ад правацэнтрысцкай кааліцыі (Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і руху «За свабоду»).

У задачы асамблеі ўваходзіць «распрацоўка эканамічных і палітычных рэформаў і правядзеньне нацыянальных і рэгіянальных кампаній у іх падтрымку», а таксама ўцягваньне грамадзян у грамадзка-палітычныя кампаніі «па абароне незалежнасьці краіне і дэмакратычных каштоўнасьцяў».

«Наша задача — выпрацаваць пазытыўную альтэрнатыву», — падкрэсьліў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Зьлева направа - Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч і Анатоль Лябедзька
Зьлева направа - Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч і Анатоль Лябедзька

Сустаршыня БХД Павал Севярынец заявіў, што асамблея павінна стаць сапраўдным органам народнага прадстаўніцтва ў Беларусі:

«Беларускі народ ніхто ў гэтай краіне не прадстаўляе. Прэзыдэнцкія выбары былі сфальшаваныя, мясцовыя выбары — таксама, парлямэнцкія — сфальшаваныя. Улада жыве сваім жыцьцём, будуе катэджы, распраўляецца зь іншадумцамі. А людзі стараюцца выжыць, як могуць. На мой погляд, мы павінны стварыць такі цэнтар народнага прадстаўніцтва, якога да гэтага ў Беларусі не было», — адзначыў палітык.

Выступае Павал Севярынец
Выступае Павал Севярынец

Севярынец падкрэсьліў, што стварэньне самой асамблеі — толькі першы крок у гэтым кірунку. Задача можа лічыцца выкананай толькі тады, калі ў любым раёне Беларусі людзі будуць ведаць, што яны могуць зьвярнуцца да апазыцыі па дапамогу і лічыць апазыцыянэраў тымі, хто прадстаўляе іх інтарэсы перад уладай.

Заснавальнікі АНП падкрэсьліваюць, што асамблея не зьяўляецца надпартыйным органам і ня ставіць за мэту выбраньне лідэра дэмакратычных сілаў. Найвышэйшым кіроўным органам асамблеі зьяўляецца агульны сход, а паміж сходамі — рада АНП. У раду ўваходзяць па адным прадстаўніку ад кожнай групы заснавальнікаў асамблеі.

У асамблею таксама ўвайшла дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра АГП Ганна Канапацкая. Зьвяртаючыся да ўдзельнікаў устаноўчай канфэрэнцыі, яна заклікала не ўспрымаць яе як адзінага кандыдата, які атрымаў дэпутацкі мандат.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«Гэта наш агульны мандат, і на нас ляжыць адказнасьць за працу, якая можа быць праведзена ў Палаце прадстаўнікоў», — заявіла яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG