Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арнольд Макмілін прэзэнтаваў кнігу, прысьвечаную маладым беларускім паэтам пачатку XXI стагодзьдзя


Уладзімер Някляеў, Арнольд Макмілін і Ганна Кісьліцына (зьлева направа)

Уладзімер Някляеў, Арнольд Макмілін і Ганна Кісьліцына (зьлева направа)

Брытанскі дасьледчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін прэзэнтаваў у кнігарні «Логвінаў» сваю найноўшую манаграфію «Рунь». Кніга прысьвячаецца сьветлай памяці айца Аляксандра Надсана.

Гэтым разам прафэсар дасьледаваў творчасьць не клясыкаў беларускай літаратуры, а паэзію маладых творцаў пачатку XXI стагодзьдзя.

Прафэсар Макмілін аналізуе творчасьць сарака паэтаў на падставе іх дэбютных зборнікаў. Каля паловы выбраных аўтараў — «правінцыйныя», з Гомелю і Гомельскай вобласьці. У манаграфіі 8 разьдзелаў, паводле якіх аўтар дзеліць творчасьць маладых паэтаў: ужываньне мовы і яе абарона, гістарычная спадчына, рэлігія і іншыя формы набожнасьці, паэзія пэрформансу, гумар ды інш.

Пад увагай брытанскага філёляга-славіста апынуліся маладыя паэты Анатоль Івашчанка, Віталь Рыжкоў, Ганна Чумакова, Сяргей Прылуцкі, Ганна Новік, Віктар Сямашка. І гэта толькі некаторыя імёны творцаў зь «вельмі шматабяцальнай будучыняй», як адзначыў у прадмове да сваёй манаграфіі Арнольд Макмілін.

«Беларуская крытыка зьвяртае мала ўвагі на маладых паэтаў, таму магчымасьць напісаць пра іх вельмі прываблівае мяне. Праўда, у працы заміналі недасканаласьць беларускіх слоўнікаў і недасьведчанасьць у некаторых пытаньнях. А што яшчэ горш — неставала першакрыніц. Дзякуй маладым паэтам, што дзяліліся са мной сваімі кнігамі», — расказаў Арнольд Макмілін.

Акрамя аўтара манаграфіі «Рунь», на прэзэнтацыі кнігі прысутнічалі іншыя дасьледчыкі беларускай літаратуры — Ганна Кісьліцына і Джым Джынглі. Прыйшлі таксама маладыя паэты, героі кнігі, Алесь Емяльянаў ды Ігар Кулікоў, каб прачытаць аўдыторыі свае творы.

З вуснаў Уладзімера Някляева прагучаў верш «Паводка», прысьвечаны прафэсару Арнольду Макміліну.

«Выхад кнігі „Рунь“ — гэта вялікая культурная падзея для ўсёй краіны», — адзначыў Уладзімер Някляеў.

XS
SM
MD
LG