Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Украінскія і беларускія памежнікі затрымалі 84 асобы за парушэньне мяжы падчас «ціхага паляваньня»


Сёлета ад пачатку збору лясных грыбоў і ягад на тэрыторыі беларускага ляндшафтнага заказьніка «Альманскія балоты» памежнікі Беларусі і Ўкраіны затрымалі 84 асобы за перасячэньне дзяржаўнае мяжы па-за вызначанымі на гэты час пунктамі пропуску.

«84 парушальнікі дзяржаўнае мяжы прыцягнутыя да адказнасьці. Яшчэ больш як дзьве тысячы дарослых і больш як 500 дзяцей, якія маглі падчас збору чарніц непасрэдна каля мяжы незаконна трапіць на тэрыторыю Беларусі, былі вернутыя на тэрыторыю Ўкраіны», — паведамілі Радыё Свабода ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.

Паводле дамоўленасьці зь беларускімі калегамі, ад 1 верасьня на ўчастку аддзела памежнай службы «Бярозавае» Луцкага атраду ў трох часовых месцах арганізаваны сэзонны пропуск жыхароў 12 памежных населеных пунктаў Ракітноўскага раёну Роўненскай вобласьці. Такі рэжым перасячэньня мяжы будзе дзейнічаць да 15 лістапада.

Як паведамляла Радыё Свабода, сёлета беларускія і ўкраінскія памежнікі дамовіліся пра арганізацыю сэзоннага доступу ўкраінцаў на тэрыторыю Беларусі ў два пэрыяды — ад 1 ліпеня да 10 жніўня і ад 1 верасьня да 15 лістапада. Спрошчаны парадак дзейнічае штодня ад шостай ранку да дзесятай гадзіны вечара ўлетку і ад 8.00 да 20.00 увосень у трох часовых пунктах — «Дроздынь», «Бярозавае» і «Познань» — з абавязковым вяртаньнем на тэрыторыю Ўкраіны ў дзень перасячэньня дзяржаўнае мяжы.

Пры гэтым грамадзяне могуць перасякаць мяжу толькі пешшу або на ровары. І галоўнае — апроч пашпарту і дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць пражываньне ў памежных вёсках, украінцы маюць атрымліваць адмысловы пропуск памежнай службы Беларусі ды імянную квітанцыю пра аплату за наведваньне рэспубліканскага ляндшафтнага заказьніка «Альманскія балоты» цягам сэзону — 210 беларускіх рублёў.

Летась з чэрвеня па кастрычнік у гэтым рэгіёне беларускія памежнікі затрымалі каля сотні грамадзян Украіны за парушэньне памежнага рэжыму, 15 зь іх былі дэпартаваныя зь Беларусі з забаронаю ўезду на розныя тэрміны.

XS
SM
MD
LG