Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На лаве падсудных 55-гадовы Аляксандар Радкевіч, раней засуджаны, які жыве ў Менску на Магілёўскай вуліцы і стаіць на ўліку як залежны ад алькаголю. Вядзе працэс судзьдзя Аляксандар Рудэнка.

Месяц таму Аляксандар Радкевіч забіў шчанюка, якога сын прынёс дамоў. Гаспадар кватэры быў нецьвярозы і цяпер кажа, што ўсіх абставінаў здарэньня ня памятае. Але што ў выніку ён адрэзаў галаву шчанюку ды выкінуў яе разам зь целам сабакі на лесьвічную пляцоўку, прызнае.

Навошта забіў? Цяпер Аляксандар Радкевіч кажа, што выпадкова прышчаміў сабаку галаву дзьвярыма, калі прывёў яго дахаты з прагулкі ў двары, а потым паласнуў нажом па шыі, «каб ня мучыўся». Аднак раней на сьледзтве абвінавачаны казаў іншае: што наўмысна забіў, бо пакрыўдзіўся на сына за тое, што той узяў сабаку безь ягонай згоды.

Аляксандар Радкевіч

Аляксандар Радкевіч

Аляксандар Радкевіч адмовіўся ад адваката, абараняе сябе сам. Пацярпелым па справе прызнаны ягоны сын Аляксандар Аляксандравіч Радкевіч, сьведкай заяўленая жонка абвінавачанага.

Яшчэ адно відавочнае разыходжаньне ў паказаньнях на сьледзтве і цяпер ў судзе выявілася ў эпізодзе пра галаву і цела сабакі, знойдзеныя на пляцоўцы ў пад’езьдзе, дзе жыў Радкевіч. На сьледзтве абвінавачаны казаў, што проста выкінуў рэшткі шчанюка за дзьверы, але сёньня ў судзе ў яго зьявілася іншая вэрсія. Што панёс рэшткі сабакі, каб вынесьці з пад’езду на сьметніцу, але па дарозе вырашыў пакласьці ўсё ў пакунак. Пакінуў цела пад лесьвіцай, вярнуся дамоў за пакункам, але там пра ўсё забыўся.

«Але ж вы прызнаяце, што рукі памылі ад крыві перад тым, як легчы спаць», — заўважыў судзьдзя. «Адключыўся і заснуў», — адказаў абвінавачаны.

Жонка Аляксандра Радкевіча Ірына распавяла ў судзе пра зьяўленьне ў доме сабакі. Гэта быў шчанюк аўчаркі, якога сын знайшоў на аўтастаянцы.

«Сын яго выратаваў, прынёс дадому», — распавяла Ірына. 25 чэрвеня ўвечары Ірыны дома не было, калі на тэлефон ёй пазваніў муж і сказаў, што «нешта здарылася», але не патлумачыў, што дакладна. Яна сама выклікала ўчастковага міліцыянта і разам зь ім прыйшла дахаты. На падлозе была кроў, але сабакі нідзе не было. Потым яго знайшлі пад лесьвіцай без галавы, але да апошняга муж не прызнаваў, што забіў сабаку.

«Муж увесь час выпівае, як нап’ецца — неадэкватны, усе ў яго вінаватыя, акрамя яго. З працы паўсюль звальняюць, цяпер жыве за мой кошт, я ўсё цягну», — паведаміла суду Ірына Радкевіч.

У суд не зьявіўся пацярпелы Аляксандар Радкевіч, праз гэта суд вырашыў адкласьці працэс. Абвешчаны перапынак да 7 кастрычніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG