Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску сьлесар заводу ўчыніў суіцыд, атрымаўшы квіток зь мінусавым «заробкам»


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Цела 38-гадовага мужчыны, які працаваў сьлесарам на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, знайшлі ў падвале прадпрыемства ўвечары 27 верасьня. Пра свой намер зьвесьці рахункі з жыцьцём ён паведаміў жонцы па тэлефоне за некалькі хвілін да самагубства, паведамляе tut.by.

Натальля Аляксеева пражыла зь Дзьмітрыем у шлюбе 3,5 года. Кажа, ён быў чалавекам спакойным і ўраўнаважаным. Аднак фінансавыя праблемы, зь якімі сутыкнулася сям’я, відаць, прымусілі яго пайсьці на крайні крок.

— Мы выплачвалі крэдыты плюс алімэнты на дзяцей мужа ад першага шлюбу. Напярэдадні ён атрымаў разьліковы лісток, паводле якога выйшла, што ён яшчэ і павінен застаўся, — расказала ўдава і патлумачыла: — Да гэтага муж быў месяц у адпачынку, потым выйшаў на працу — зьмен было мала. У выніку і зарплаты няма.

Дзьмітрыя, па яе словах, гэта так знэрвавала, што ён нават спаліў разьліковы лісток.

— На пачатку шостай я вярталася з працы на аўтобусе, Дзіма патэлефанаваў і сказаў, што хоча пагаварыць. Яго голас ужо ня быў такім упэўненым, як раней, — успамінае жанчына. — Я даехала да дому і набрала яго нумар. Высьветлілася, што мужа зьбіраюцца звальняць. Чаму? Я ня ведаю.

Апошні раз Зьміцер патэлефанаваў жонцы ў 19.38, разьвітаўся і паведаміў, што яго варта шукаць у заводскіх сутарэньнях. Натальля тут жа зьвязалася з калегамі, якія спусьціліся ў падвал, але выратаваць Зьмітра ўжо не змаглі — мужчына павесіўся.

На прадпрыемстве, дзе працаваў Дзьмітрый, сытуацыю не камэнтуюць.

Кіраўнік Бабруйскага міжраённага аддзелу СК Дзяніс Шумін пацьвердзіў інфармацыю пра фінансавыя праблемы загінулага, дадаўшы, што па факце сьмерці работніка прадпрыемства праводзіцца праверка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG