Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарцы на рэфэрэндуме дазволілі спэцслужбам чытаць пошту і праслухоўваць тэлефоны


У Швайцарыі прайшоў рэфэрэндум аб пашырэньні паўнамоцтваў службы выведкі. Большасьць швайцарцаў аддалі перавагу бясьпецы і дазволілі спэцслужбам чытаць пошту і праслухоўваць тэлефоны. Гэтае рашэньне падтрымалі больш за 65% удзельнікаў рэфэрэндуму.

Апанэнтам закону — сацыял-дэмакратам і Партыі «зялёных» — не ўдалося заручыцца большасьцю ні ў водным з 26 швайцарскіх кантонаў і паўкантонаў. Апанэнты закону папярэджвалі аб рызыцы татальнага сачэньня на падставе забесьпячэньня бясьпекі і грамадзкага парадку, аднак гэтыя аргумэнты не пераканалі бальшыню суграмадзянаў.

Прыхільнікі новага закону на чале з урадам зазначалі, што арсэнал спэцслужбаў варта ўзмацніць з увагі на небясьпеку тэрарызму. Новы закон аб Службе выведкі Канфэдэрацыі дасьць спэцслужбам дадатковыя правы, у тым ліку права сачыць за паштовай карэспандэнцыяй, праслухоўваць тэлефоны, весьці назіраньне або відэазапіс на прыватнай тэрыторыі — як у Швайцарыі, так і за мяжой.

Камэнтуючы вынікі галасаваньня, начальнік Фэдэральнага дэпартамэнту абароны, абароны насельніцтва і спорту Гі Пармэлен заявіў, што «вельмі задаволены гэтак яснай падтрымкай, аказанай праекту ўраду». Ён адзначыў, што новы закон аб выведцы «дазволіць Швайцарыі здабыць сучасныя сродкі» для дзейнасьці ў гэтай сфэры.

Акрамя таго, на рэфэрэндуме ў нядзелю швайцарцы адкінулі дзьве грамадзкія ініцыятывы — аб павышэньні пэнсіяў (59,4% галасоў «супраць») і аб пераходзе да 2050 году да «зялёнай эканомікі», заснаванай на рэсурсазьберажэньні (63,4% — «супраць» ).

XS
SM
MD
LG