Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ў Беларусі блізкім часам ня будзе «бэбі-боксаў»


Наста Захарэвіч

Наста Захарэвіч

Новы склад Палаты прадстаўнікоў пачынае сваю дзейнасьць добрай заявай — ён гатовы разгледзець ідэю «бэбі-боксаў»: месцаў, дзе жанчыны могуць ананімна пакінуць нованароджаных дзяцей.

Калі мне было каля 12 гадоў і я яшчэ жыла ў Берасьці, да нас у кватэру аднойчы ўвечары завітаў міліцыянт. Маці адправіла мяне на кухню, зачыніла за мной дзьверы і размаўляла з ім каротка і ціха. Было зразумела, што я нібыта не павінна пачуць, аб чым ідзе гутарка. Але празь некалькі дзён маці здалася пад напорам роспытаў і сказала, што ў сьметніцы ў суседнім двары знайшлі немаўля. Дакладней, цела немаўляці.

Калі ёсьць спосаб выратаваць жыцьцё — гэтым трэба карыстацца.

Забойства нованароджанага дзіцяці — ня надта частае злачынства, але спасылацца ў такіх пытаньнях на статыстыку нельга. І калі ёсьць спосаб выратаваць жыцьцё — гэтым трэба карыстацца. Немаўля — гэта не праект чалавека, не «будучы» і не «амаль» чалавек. Гэта самы сапраўдны чалавек, і сацыяльна-арыентаваная дзяржава ўжо дакладна павінна паклапаціцца аб тым, каб у гэтага чалавека было як мага больш шансаў выжыць.

Але ў беларускай сацыяльнай арыентаванасьці ёсьць свая спэцыфіка. Напрыклад, міністарка працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна ўпэўнена, што «ствараючы спрошчаную сыстэму адмовы ад дзяцей, мы адначасова ствараем умовы для безадказных паводзін бацькоў».

Тое, што ад дарослых людзей, якія вырашылі завесьці дзіця, хочацца чакаць адказнасьці, цалкам зразумела. Аднак тое, што цаной гэтага навучаньня можа стаць жыцьцё дзіцяці, неяк не надта гуманна. І тое, што кіраўніца міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў «сацыяльна арыентаванай дзяржаве» лічыць больш важным правучыць дарослых, а не выратаваць дзяцей, прымушае задумацца пра адпаведнасьць яе асобы гэтай пасадзе.

У чым сутнасьць бэбі-боксаў? Гэта такія маленькія памяшканьні, якія знаходзяцца ў ідэале ў будынках лякарні і ў якія праз вакенца можна пакласьці немаўля. Жанчына пакідае там дзіця цалкам ананімна. Побач з вакенцам не павінна быць ні камэр, ні ахоўнікаў. Пасьля таго, як немаўля зьяўляецца ў бэбі-боксе, у адпаведным памяшканьні гучыць сыгнал, і дзіця вельмі хутка адтуль забіраюць. Немаўля аглядаюць і пакідаюць у лякарні альбо афармляюць у дом малюткі — ў залежнасьці ад стану здароўя. Але самае галоўнае — дзіця застаецца ў бясьпецы.

Самы стары і бедны інтэрнат заўжды лепшы за сьметніцу.

Можна доўга разважаць пра стан сыстэмы апекі дзяцей, якія засталіся без бацькоў, але ў адным я ўпэўнена дакладна — самы стары і бедны інтэрнат заўжды лепшы за сьметніцу. Гэты факт, дарэчы, не апраўдвае ні фізычны гвалт, ні іншыя формы зьдзеку з дзяцей, што практыкуюцца ў цяперашняй сыстэме.

Мяне вельмі радуе той факт, што Палата прадстаўнікоў гатовая разгледзець закон аб бэбі-боксах, але я амаль упэўнена, што так званыя акенцы жыцьця блізкім часам у Беларусі ня зьявяцца. Нічога асабістага — проста бізнэс. Дакладней, проста бюджэт.

Для таго, каб зьявіліся бэбі-боксы, трэба зьмяніць не адзін цяперашні беларускі закон.

Для таго, каб зьявіліся бэбі-боксы, трэба зьмяніць не адзін цяперашні беларускі закон. Ці варта гэта рабіць? Я ўпэўнена, што так. Ці пойдзе на гэта «сацыяльна арыентаваная дзяржава»? Баюся, што не. Па цяперашнім законе, бацькі, што адмовіліся ад дзіця, павінны кампэнсаваць дзяржаве выдаткі «на гадаваньне». Сутнасьць жа бэбі-боксаў у тым, што няма ніякай юрыдычнай адказнасьці за пакінутае дзіця (калі няма прыкметаў фізычнага гвалту).

Асноўная ідэя ў тым, каб выратаваць немаўля. У Беларусі ж сыстэма працуе такім чынам, што галоўнае — пакараць бацькоў. Трэба прыгразіць пальцам і сказаць а-та-та, каб яны спужаліся, сталі псыхалягічна стабільнымі, знайшлі працу, жытло і сэнс жыцьця, спазналі дзэн і завялі градкі на бальконе.

У Беларусі сыстэма працуе такім чынам, што галоўнае — пакараць бацькоў.

І калі ласка, ня трэба маралізатарства і размоваў пра высокія матэрыі. Навошта нараджалі псыхалягічна непадрыхтаваныя жанчыны? Бо іх бацькі казалі «даў Бог зайку, дасьць і лужайку», бо партнэры скардзіліся на непаўнавартасныя адчуваньні пра выкарыстаньні прэзэрватываў і пужалі мітамі пра страшную гарманальную кантрацэпцыю, ад якой валасы растуць нават на далонях. Бо проста былі безадказнымі. Ды можа быць тысяча прычын, па якой нежаданае дзіця зьявілася на сьвет. Так ужо адбылося, позна піць баржомі.

Справа дзяржавы — дапамагчы там, дзе мы не спраўляемся самастойна. Калі асобна ўзятым дзяржаўным дзяячкам і дзеячам здаецца, што ў бэбі-боксы будуць класьці дзяцей пры першым жа сур’ёзным стрэсе, дык гэта выключна іх фантазіі. Толькі расплачваюцца за гэтыя фантазіі маленькія дзеці ўласнымі жыцьцямі, якія можна было б уратаваць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG