Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэбі-бокс як шанец на жыцьцё


Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Анастасія Дашкевіч, грамадзкая актывістка, у мінулым адна зь лідэраў «Маладога Фронту».

Калі я ўпершыню чытала пра тое, як немаўлятаў выкідаюць ў сьмецьцевыя кантэйнэры, пад вокны альбо пакідаюць на сьмерць у пад’ездах ці зачыненых кватэрах мяне браў страх. Чамусьці Бог так стварыў, што чалавек нараджаецца такі бездапаможны і залежны, абсалютна няздольны існаваць бяз клопату іншых асобаў. Мяне браў сур’ёзны сумнеў ці варта было гэтым жанчынам нараджаць? Ці ня лепш было ўсё спыніць ад пачатку? І гэта пастка.

Існуе ілюзорнае меркаваньне аб тым, што выкідаюць у сьмецьце дзетак тыя жанчыны, якіх адгаварылі рабіць аборт.

Пастка, бо існуе ілюзорнае меркаваньне аб тым, што выкідаюць у сьмецьце дзетак тыя жанчыны, якіх адгаварылі рабіць аборт. Але вельмі часта яны проста ахвяры пасьляродавай дэпрэсіі і думаюць, што ўсе праблемы іхняга жыцьця зьнікнуць пасьля таго, як зьнікне малеча. Многія мне скажуць: «Якое разбэшчанае пакаленьне! Раней, во паглядзіце, у полі нараджалі і ішлі далей працаваць! А тут, выдумалі! Дэпрэсіі!» Так, дэпрэсіі з-за фізіялягічнага шоку, радыкальнай зьмены ладу жыцьця, банальнага недасыпаньня былі і будуць. І шчасьце тым, хто зь імі не сустракаўся.

Бэбі-боксы існуюць у шэрагу эўрапескіх краінаў ад пачатку 2000-ых гадоў, у Расеі ўсталяваны з канца 2011 году. У ЗША ў кожным штаце існуюць законы «аб бясьпечнай гавані» (бясьпечным прыстанішчы), якія дазваляюць бацькам ананімна адмовіцца ад свайго дзіцяці ў першыя дні яго жыцьця, у вызначаных месцах, такіх як пажарныя станцыі і шпіталі.

Маці, якая кладзе дзіця ў бэбі-бокс, пры жаданьні і да яго ўсынаўленьня можа забраць яго назад, даказаўшы генэтычную роднасьць.

Галоўны прынцып бэбі-боксаў — ананімнасьць і адсутнасьць адказнасьці за ўчынак. Нельга сьцьвярджаць, што зьяўленьне бэбі-боксаў цалкам спыніла сьмяротнасць нованароджаных дзяцей. Але многім яны адназначна падарылі жыцьцё. І што самае важнае, маці, якая кладзе дзіця ў бэбі-бокс, пры жаданьні і да яго ўсынаўленьня можа забраць яго назад, даказаўшы генэтычную роднасьць. Напрыклад, у той жа Расеі за 5 год існаваньня бэбі-боксаў было 48 пакінутых дзетак, з каторых — шасьцёх маці забралі назад.

Зараз жа Нацыянальны сход Беларусі зьбіраецца разглядаць ініцыятыву аб стварэньні бэбі-боксаў у Беларусі. І гэтую ініцыятыву трэба вітаць. Ведаеце, якая адна з самых вялікіх перашкодаў стварэньню бэйбі-боксаў у нас? Не, ня зьмена ў Канстытуцыі. Тут мы акурат натрэніраваныя. Ухіленьне ад 18 Дэкрэту, у каторым напісана, што бацькі мусяць кампэнсаваць затраты дзіцяці на знаходжаньне ў сацыяльных прытулках.

Гэтая сума — 91 рубель. І часта з гэтай прычыны мамы не адмаўляюцца ад малечы ў радзільнях, яны баяцца асуджэньняў і фінансавага цяжару.

У краіне Беларусь хіба толькі ў прыбіральні не стаяць камэры назіраньня і супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Ёсьць і іншыя праблемы, зьвязаныя з даверам да дзяржавы ў пытаньні бэбі-боксаў. Гэта выкананьне гарантый ананімнасьці і беспакаранасьці. У краіне Беларусь хіба толькі ў прыбіральні не стаяць камэры назіраньня і супрацоўнікі праваахоўных органаў. Таму пытаньне даверу ў нас асноўнае. Жанчына ня мусіць баяцца юрыдычнай адказнасьці, ідучы на такі складаны крок.

Бэбі-боксы меліся б стаць важным, але дадатковым інструмэнтам абароны дзяцей. Лягічна, каб са зьяўленьнем бэбі-боксаў зьявілася магчымасьць ананімных родаў і зьніклі перашкоды для ўсынаўленьня нованароджаных дзетак. Для адных яны былі цяжарам — для некага стануць шчасьцем.

Трэба адкрываць новыя сацыяльныя цэнтры па ўмацаваньні сям’і і па прафіляктыцы сіроцтва.

Трэба адкрываць новыя сацыяльныя цэнтры па ўмацаваньні сям’і і па прафіляктыцы сіроцтва. Там маглі б атрымаць дапамогу як мамы з дзецьмі, гэтак і тыя цяжарныя жанчыны, якія апынуліся ў цяжкай сытуацыі і трапілі пад рызыку адмовы ад дзіцяці.

Каб ратаваць нованароджаных альбо ненароджаных дзетак трэба мяняць культуру і сьветапогляды. Трэба, каб маленькае жыцьцё было паўнавартасным і каштоўным. Яму павінны быць радыя ад пачатку і цягам усяго жыцьця. У жаночых кансультацыях, радзільнях, паліклініках, кавярнях, банках, гандлёвых цэнтрах. Нам трэба стаць краінай «чайлд-фрэндлі». І няхай тады створаныя бэбі-боксы пусьцеюць. Але і сьмецьцевыя бакі няхай застануцца для сьмецьця.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG