Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Слуцку хаваюць памерлага ў турме Ігара Барбашынскага, арыштаванага зь ім брата не пусцілі на пахаваньне


Турма ў Жодзіна, ілюстрацыйнае фота

Турма ў Жодзіна, ілюстрацыйнае фота

Сёньня ў Слуцку хаваюць 37-гадовага Ігара Барбашынскага, які зь невядомых прычынаў памёр 20 верасьня ў Жодзінскай турме № 8. Яго справу аб злосным непадпарадкаваньні міліцыянтам пры выкананьні службовых абавязкаў, супраціве і зьбіцьці супрацоўнікаў РАУС другі месяц разглядае суд Слуцкага раёна.

Як піша «Новы час», 19 сакавіка Ігар разам з 32-гадовым братам Іванам пасьля наведваньня начной кавярні былі затрыманыя міліцыянтамі па дарозе дадому. Іх абвінавацілі ў тым, што яны былі нецьвярозымі ў грамадзкім месцы. Мужчын даставілі ў мэдвыцьвярэзьнік.

На наступны дзень, 20 сакавіка, да мэдвыцьвярэзьніка была выкліканая хуткая мэдыцынская дапамога, якая адвезла братоў у паліклініку. Рэнтгенаўскія здымкі паказалі ў абодвух пераломы рабрын, таксама былі зафіксаваныя шматлікія гематомы. Пасьля таго, як случчане напісалі заяву ў Слуцкі РАУС пра зьбіцьцё іх міліцыянтамі, яны даведаліся, што супраць іх распачатая крымінальная справа аб гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі. Праз два месяцы, у чэрвені 2016 году, Барбашынскія былі затрыманыя і да суда зьмешчаныя ў Жодзінскі сьледчы ізалятар.

У жніўні адбыліся тры судовыя пасяджэньні, але судовы разгляд справы да гэтага часу ня скончаны, бо абвінавачаныя запрасілі дадатковыя экспэртызы, якія, на іх думку, маглі б даказаць адсутнасьць гвалтоўных дзеяньняў зь іх боку супраць супрацоўнікаў РАУС.

І вось 20 верасьня адзін з братоў не дачакаўся судовага выраку і памёр.

Ігар Барбашынскі

Ігар Барбашынскі

«20 верасьня, каля дзевяці гадзін раніцы, мне патэлефанавалі з жодзінскай турмы, сказалі, што памёр мой сын і далі нумар тэлефона для сувязі. Ніякіх прычынаў і абставінаў сьмерці не паведамілі. Сказалі толькі, што трэба прыяжджаць заўтра — забіраць цела. Я крычала ў тэлефон — як гэта памёр? Ён жа такі здаровы быў, маёр у адстаўцы, былы вайсковец, займаўся спортам, амаль ні на што не хварэў? Што здарылася? У адказ ніякай інфармацыі», — сказала «Новаму часу» маці памерлага Галіна.

Яна дадала, што 14 верасьня атрымала ад Ігара ліст, у якім той кажа, што адчувае сябе добра і чакае завяршэньня судовай справы.

Як паведаміў Свабодзе айчым братоў Барбашынскіх Аляксандр Аляксандравіч, сям’я не змагла дамагчыся, каб на пахаваньне адпусьцілі Івана, роднага брата памерлага Ігара.

«Іван не прыедзе на пахаваньне. Мы ўчора зьвярталіся ў органы ўнутраных спраў, да начальніка Слуцкага РАУС. Нам адказвалі ў грубай форме і не дазволілі Івану наведаць пахаваньне брата», — сказаў Аляксандр Аляксандравіч.

Прычыны сьмерці Ігара Барбашынскага пакуль застаюцца невядомымі.

Маці Ігара атрымала на рукі пасьведчаньне аб сьмерці, у якім напісана: «причина смерти устанавливается».

Падчас тэлефоннай размовы начальнік аддзела судова-мэдыцынскай экспэртызы Вячаслаў Эдуардавіч Давыдзенкаў паведаміў, што прычыны сьмерці будуць высьветленыя на працягу месяца.

«Забраныя ўсе неабходныя матэрыялы і адпраўленыя для дасьледаваньня ў лябараторыі Менску. На працягу месяца будуць праведзеныя дадатковыя дасьледаваньні і мэдыкі ўстановяць дыягназ. На ўсе астатнія пытаньні без прысутнасьці сьледчага я не магу адказваць», — адзначыў судмэдэкспэрт.

Айчым Аляксандр Аляксандравіч кажа, што «сям’я мае намер шукаць праўды» і высьветліць прычыны сьмерці здаровага маладога чалавека:

«Цяпер будзем чакаць вынікаў экспэртызы, якую робяць у Менску. Урачы, якія рабілі папярэднюю экспэртызу, сказалі, што Ігар абсалютна здаровы мужчына, ніякіх хваробаў увогуле няма. Што здарылася, незразумела. Нават ніякіх здагадак няма. Мы будзем раіцца з адвакатам. Будзем працягваць барацьбу з гэтым бясчынствам», — сказаў «Свабодзе» Аляксандр Аляксандравіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG