Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Упершыню за 20 год Беларусь і ЗША падпісалі міжурадавае пагадненьне


Міністар замежных спраў Уладзімер Макей і Старшыня Камісіі ЗША па захаваньні амэрыканскай спадчыны за мяжой Лэсьлі Уайс падпісваюць міжурадавае пагадненьне аб ахове і захаваньні некаторых культурных каштоўнасьцяў. Нью-Ёрк, 21 верасьня 2016 году

Міністар замежных спраў Уладзімер Макей і Старшыня Камісіі ЗША па захаваньні амэрыканскай спадчыны за мяжой Лэсьлі Уайс падпісваюць міжурадавае пагадненьне аб ахове і захаваньні некаторых культурных каштоўнасьцяў. Нью-Ёрк, 21 верасьня 2016 году

21 верасьня міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у Нью-Ёрку падпісаў Пагадненьне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Злучаных Штатаў Амэрыкі аб абароне і захаваньні некаторых культурных каштоўнасьцяў.

Ад імя ўраду Злучаных Штатаў Амэрыкі дакумэнт падпісаў старшыня Камісіі ЗША па ахове і захаваньні культурных каштоўнасьцяў Лэсьлі Ўайс.

Кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства ў сваім выступе падкрэсьліў, што падпісаная дамова стварае трывалую юрыдычную аснову для міжурадавага супрацоўніцтва Беларусі і ЗША ў галіне аховы і абароны культурных каштоўнасьцяў. Гэта абумоўлена тым, што многія славутыя амэрыканцы маюць беларускія карані і шмат якія беларусы пакінулі свой сьлед у амэрыканскай гісторыі, паведамляе прэсавая служба МЗС Беларусі.

Уладзімер Макей адзначыў, што пагадненьне сьведчыць пра паляпшэньне палітычных адносінаў паміж дзьвюма краінамі, прымаючы пад увагу, што Беларусь і ЗША не заключалі міжурадавых пагадненьняў на працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў.

Камісія ЗША па ахове і захаваньні культурных каштоўнасьцяў зьяўляецца ўстановай ураду ЗША. Камісія займаецца пошукам і падрыхтоўкай дакладаў аб пахаваньнях, манумэнтах і гістарычных будынках ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе, зьвязаных са спадчынай грамадзян ЗША, а таксама ва ўзаемадзеяньні зь дзяржавамі гэтага рэгіёну аказвае садзейнічаньне па абароне і захаваньні гэтай уласнасьці.

Беларусь стала 25-й краінай, зь якой падпісанае Пагадненьне аб абароне і захаваньні некаторых культурных каштоўнасьцяў.

XS
SM
MD
LG