Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У верасьні 1991 году дэпутаты Апазыцыі БНФ вынесьлі на нечарговую сэсію Вярхоўнага Савета, сярод іншых пытаньняў, і прапанову аб вяртаньні сталіцы Беларусі гістарычнай назвы – Менск.

Пра гэта - фрагмэнты кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста першы», якая выйшла другім выданьнем у «Бібліятэцы Свабоды. ХXI стагодзьдзе» (спампаваць кнігу цалкам можна тут).

Нам, дэпутатам Апазыцыі БНФ, адразу пасьля абвяшчэньня незалежнасьці было зразумела, што трэба вярнуць тое, што належала нацыі — сьцяг, герб і гістарычныя назовы.

Пазьней нашыя апанэнты будуць пісаць, што, маўляў, БНФ займаўся толькі «сьцяжкамі» і назвамі. Абвергнуць гэта можна хоць бы падзеямі верасьня 1991-га, калі мы запатрабавалі скліканьня нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету.

Беларусь ужо была незалежнай, але ў кіраўніцтва Прэзыдыюму яшчэ дзейнічаў «саюзны рэфлекс» — на паседжаньні Прэзыдыюму намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Васіль Шаладонаў паведаміў, што парадак дня сэсіі распрацаваны «з улікам рашэньняў зьезду».

Шаладонаў меў на ўвазе пазачарговы Зьезд народных дэпутатаў СССР, які прайшоў на пачатку верасьня ў Маскве і на якім прысутнічала дэлегацыя Вярхоўнага Савету БССР (у тым ліку і група дэпутатаў Апазыцыі БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком).

Зьезд той быў скліканы пасьля правалу ГКЧП, адным з ідэйных натхняльнікаў якога быў студэнцкі сябар Гарбачова, старшыня Вярхоўнага Савету СССР Анатоль Лук'янаў, а кіраўніком — прызначаны на папярэднім зьезьдзе віцэ-прэзыдэнтам СССР Генадзь Янаеў. На прапанову Гарбачова Зьезд прыняў рашэньне пра самароспуск і перадаў свае паўнамоцтвы новаўтворанаму органу, які павінен быў фармавацца з роўнай колькасьці дэпутатаў ад кожнай рэспублікі, а таксама і абвясьціў «пераходны пэрыяд» для падпісаньня дамовы аб «саюзе сувэрэнных дзяржаў».

Фактычна тое была ціхая агонія: лёс такой дамовы і такога «саюзу» быў перадвызначаны Вярхоўнымі Саветамі большасьці рэспублік, якія прагаласавалі за незалежнасьць.

На зьезьдзе зрабіліся відавочнымі і палітычнае фіяска Гарбачова, і моцная пазыцыя Ельцына, які недвухсэнсоўна даў зразумець кіраўнікам былых рэспублік, хто ў Маскве цяпер гаспадар.

Аднак гаспадарамі Ельцын і яго каманда хацелі быць ня толькі ў Маскве, але і на абшарах усяго СССР.

Па вяртаньні з Масквы Пазьняк на пасяджэньні Апазыцыі БНФ зьвярнуў увагу на відавочнае ў часе зьезду «дамінаваньне Расеі, якая імкнецца накласьці лапу на ўласнасьць». Ён сказаў таксама, што «рыхтуецца нешта накшталт анэксіі Беларусі», і «мы (Вярхоўны Савет — С.Н.) павінны тэрмінова ўсё прыняць», маючы на ўвазе стварэньне структураў незалежнай дзяржавы.

Пасяджэньне дэпутацкай апазыцыі БНФ, 1992 год. Фота С. Навумчыка.

Пасяджэньне дэпутацкай апазыцыі БНФ, 1992 год. Фота С. Навумчыка.

«Улічваючы, што сытуацыя мяняецца не па днях, а па гадзінах, мы спазьняемся», — казаў Зянон Пазьняк членам Прэзыдыюму.

«Страта трох дзён — справа надзвычайная», — заклікаў не цягнуць з прыняцьцем патрэбных рашэньняў Пётра Садоўскі.

«Ня трэба нагнятаць», — супакойваў нас старшыня парлямэнцкай бюджэтна-фінансавай камісіі Раман Унучка.

Як звычайна, Прэзыдыюм ня меў нічога, апрача жаданьня выканаць рашэньні маскоўскага зьезду. Мы ж распрацавалі зьмястоўны пакет прапановаў.

Прапанова Апазыцыі БНФ на 6-ую нечарговую сэсію ВС, верасень 1991 г.

Прапанова Апазыцыі БНФ на 6-ую нечарговую сэсію ВС, верасень 1991 г.

За дваццаць дзён — з 26 жніўня да 16 верасьня 1991 году — дэпутаты Апазыцыі БНФпадрыхтавалі і прапанавалі ў Вярхоўны Савет 31 законапраект для нечарговай сэсіі. Большасьць зь іх тычылася дзяржаўнага будаўніцтва і абароны — таго, без чаго не магла існаваць толькі што ўтвораная краіна. (Пазьней яны будуць прынятыя.) Мы прапанавалі Прэзыдыюму 16 пунктаў парадку дня — аб грамадзянстве, аб уласнай мытні, аб замежнапалітычнай дзейнасьці, аб прызнаньні права прыватнай уласнасьці на зямлю і ўнясеньні зьменаў у заканадаўства, аб дэнансацыі Саюзнага дагавору 1922 году ды іншыя. Быў і аб’ёмісты «вайсковы блёк», за падрыхтоўку якога адказвала Галіна Сямдзянава — 16 законапраектаў, што падводзілі юрыдычную базу пад стварэньне свайго войска, сыстэмы памежнай аховы, уласнай вайсковай пракуратуры і гэтай далей.

Але першымі пунктамі парадку дня сэсіі мы прапанавалі тое, без чаго ня можа існаваць толькі што ўтвораная краіна — назву, сьцяг і герб.

Быў у нас пункт і пра вяртаньне беларускай сталіцы яе гістарычнай назвы — Менск. Нам падавалася, што гэтая прапанова мае неблагі шанец рэалізавацца. Нагадаю, што 5 верасьня 1991 году Менскі гарадзкі савет, дзе была даволі моцная фракцыя БНФ (на выбарах 1990 году сталіца прагаласавала больш дэмакратычна, чым правінцыя) прыняў пастанову «Аб вяртаньні гораду яго гістарычнай назвы Менск»:

«Зыходзячы зь неабходнасьці аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці i з нагоды 400-годзьдзя наданьня месту Менску герба, Менгарсавет лiчыць неабходным вярнуць гораду яго спрадвечнае гістарычнае найменьне — Менск — i пацьвердзіць герб, нададзены яму 12 студзеня 1591 г.

Згодна са сказаным вышэй сэсія Менгарсавету прымае рашэньне:

1. Пацьвердзіць герб, нададзены гораду 12 студзеня 1591 г. у выніку атрыманьня Магдэбурскага права ў 1499 г.

2. Зьвярнуцца ў Вярхоўны Савет БССР з прапановай адмяніць рашэньне 2-й сэсіі Вярхоўнага Савету БССР 1-га скліканьня ад 29 лiпеня 1939 г., згодна зь якім горад Менск быў перайменаваны ў Мінск».

Рашэньне падпісаў старшыня Менгарсавету Аляксандар Герасіменка.

Прапанова Апазыцыі БНФ аб вяртаньне беларускай сталіцы гістарычнага назову - Менск. Верасень 1991 г.

Прапанова Апазыцыі БНФ аб вяртаньне беларускай сталіцы гістарычнага назову - Менск. Верасень 1991 г.

Герб гарсавет меў права зацьвердзіць, а вось дзеля зьмены назову сталіцы патрабавалася пастанова парлямэнту. Нас падтрымала і камісія па пытаньнях адукацыі, культуры і захаваньня гістарычнай спадчыны на чале зь Нілам Гілевічам.

Адным з нашых галоўных аргумэнтаў было тое, што сталіца мела назоў «Менск» да 1939 году — гэта значыць, добрая палова дэпутатаў засьпела той час (хоць ён мог прыпадаць і на іх маленства).

Пратакол пасяджэньня Прэзыдыюму ВС БССР аб вынясесеньні на сэсію ВС пытаньня аб пераназове Менску, 1939 г.

Пратакол пасяджэньня Прэзыдыюму ВС БССР аб вынясесеньні на сэсію ВС пытаньня аб пераназове Менску, 1939 г.

Цікава, што некаторыя ў гэта проста ня верылі — аж пакуль мы не раздрукавалі копіі афіцыйных дакумэнтаў (у тым ліку — пратаколы пасяджэньняў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР у 1930-я гады). Да пэўнага часу ў друку і ў афіцыйным справаводзтве на расейскай мове пісалі «Минск», на беларускай — «Менск». Аднак 29 ліпеня 1939 г. — у рэчышчы палітыкі русыфікацыі — пастановаю Вярхоўнага Савету 1-га скліканьня «е» замянілі на «і» і ў беларускім напісаньні.

Мы заклікалі сваіх калег дэпутатаў вярнуць гістарычны назоў сталіцы, што было б аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці. На жаль, і ў верасьні 1991-га ўсё вырашыла арытмэтыка. «За» прагаласавалі 142 дэпутаты, а для станоўчага рашэньня патрабавалася 173. Не хапіла 31 голасу.

Вынік галасаваньня аб назове сталіцы паказаў, што страх, які кіраваў камуністамі на сэсіі 24-25 жніўня і які дазволіў нам зламаць іх псыхалягічна і абвясьціць незалежнасьць — гэты страх сышоў, і Вярхоўны Савет імкліва вяртаецца ў стан, калі прапановы Апазыцыі БНФ набіралі ў найлепшым выпадку 90-110 галасоў (а звычайна — 50-60).

Мы яшчэ раз пераканаліся, што гэты Вярхоўны Савет у такім яго складзе няздольны адпавядаць патрэбам новаўтворанай дзяржавы.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG