Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэцыя тэрмінова вяртае войска на Готлянд: «у сувязі з пагрозай з боку Расеі»


Швэцыя атрымала «строга сакрэтную» інфармацыю пра павышаную пагрозу з боку Расеі. У выніку ўлады прынялі хуткае рашэньне пра вяртаньне сталай прысутнасьці швэдзкага войска на высьпе Готлянд, паведамляе сёньня штодзёнка «Dagens Nyheter».

Газэта нагадвае, што вяртаньне 150 жаўнераў сілаў хуткага рэагаваньня на Готлянд было заплянаванае на восень 2017 года, але інфармацыя спэцслужбаў прымусіла зьмяніць дату на ранейшую. На разьмешчанай у Балтыйскім моры высьпе швэдзкае войска апошні раз прысутнічала на пастаяннай аснове ў часы «халоднай вайны». У 90-ыя гады адзінку ліквідавалі «з-за адсутнасьці пагрозы з усходу».

«Нечаканае вяртаньне войска на Готлянд — гэта выключная падзея. Падчас крызысаў у пэрыяд „халоднай вайны“ Швэцыя рэагавала павольна і асьцярожна» — гаворыць у інтэрвію «Dagens Nyheter» аналітык швэдзкай выведкі, прафэсар Люндзкага ўнівэрсытэту Вільгельм Агрэл.

Дзякуючы порту Сьлітэ на ўсходнім узьбярэжжы Готлянду было магчымае будаўніцтва нямецка-расейскага газапроваду Nord Stream на дне Балтыйскага мора. Гэтае месца хоча таксама выкарыстаць і інвэстар газапроваду Nord Stream-2.

XS
SM
MD
LG