Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка заклікаў не прызнаваць легітымнасьць выбараў у Дзяржаўную Думу Расеі


Прэзыдэнт Украіны Пётра Парашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі МЗС Нямеччыны і Францыі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і Жан-Маркам Эро заклікаў не прызнаваць легітымнасьць выбараў у Дзяржаўную Думу РФ, якія плянуюць правесьці на тэрыторыі Крыму.

«Прэзыдэнт падзякаваў АБСЭ і ЭЗ за рашэньне не накіроўваць сваіх назіральнікаў на выбары на паўвыспу», — цытуе агенцтва «Інтэрфакс» паведамленьне прэсавай службы кіраўніка Ўкраіны.

Парашэнка таксама падкрэсьліў, што ініцыятыва ўкраінскага боку аб спыненьні агню з 1 верасьня, якую падтрымалі канцлер Нямеччыныі Ангела Мэркель і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, не выконваецца, паколькі працягваюцца артылерыйскія абстрэлы, ёсьць забітыя і параненыя ўкраінскія вайскоўцы. Прэзыдэнт Украіны таксама падкрэсьліў, што Расея не выконвае ўзятыя на сябе абавязаньні ў рамках Менскіх дамоўленасьцяў.

«Расея не дэманструе ніякага прагрэсу ў выкананьні Менскіх дамоўленасьцяў, таму пытаньне санкцый зьяўляецца вельмі важным», — сказаў Парашэнка.

Міністар замежных спраў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер і міністар замежных спраў Францыі Жан-Марк Эро заявілі, што іх краіны не прызнаюць далучэньне Крыму да Расеі.

«Адносна другога пытаньня, аб легітымнасьці выбараў у Думу ў Крыме, як казаў мой калега Эро: мы не прызнаем анэксію Крыму», — сказаў Штайнмаер, адказваючы на пытаньне адносна прызнаньня легітымнасьці выбараў у Дзяржаўную Думу, якія пройдуць у тым ліку ў Крыме. Ён таксама нагадаў, што падчас гэтых выбараў на паўвысьпе ня будзе назіральнікаў АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG