Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узровень занятасьці ў Беларусі абнавіў 12-гадовы мінімум


Згодна з новым выпускам агляду (PDF) Цэнтру сацыяльна-эканамічных дасьледаваньняў, узровень занятасьці насельніцтва ў Беларусі за першае паўгодзьдзе скараціўся на 80 тысяч і склаў 4,402 млн чалавек. Але беспрацоўных за першае паўгодзьдзе стала больш толькі на 4 тысячы (5% ад скарачэньня колькасьці занятых).

Гэта мінімальны паказьнік для Беларусі, пішуць дасьледчыкі: ранейшы мінімум быў у 2004 годзе — 4,420 млн чалавек. Максымум назіраўся ў 2009 годзе, калі ўзровень занятасьці склаў 4,695 млн чалавек.

«Заваяваньні пяцігодкі 2005–2010 гадоў, якая ўвайшла ў гісторыю як пяцігодка высокіх тэмпаў росту ВУП і занятасьці, цалкам страчаныя, — робяць выснову дасьледчыкі. — І гэта без уліку пастаянных з 2012 году зьменаў мэтадалёгіі ўліку працоўных рэсурсаў, дзякуючы якім занятасьць нязьменна папаўнялася на пару дзясяткаў тысяч — апошнім разам, напрыклад, „далічылі“ рамесьнікаў.

У гэтым годзе, падобна, будзе ўсталяваны яшчэ адзін антырэкорд — па дадаткова ўведзеных працоўных месцах у эканоміцы. Шосты год запар гэты паказьнік дэманструе падзеньне дынамікі. За першае паўгодзьдзе прынята на дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы толькі 14,6 тысячы чалавек».

Другі год запар колькасьць працаўнікоў у вымушаных адпачынках вышэйшая, чым у час крызісу 2008–2010 гадоў, адзначаюць дасьледчыкі. Яны заўважаюць: простае стварэньне новых працоўных месцаў яшчэ ня кажа пра іх якасьць, бо за апошнія гады ў краіне зьявілася толькі 300–450 высокапрадукцыйных працоўных месцаў.

Разам з тым трэнд рэальнага ВУП у Беларусі зьніжаецца ўжо 41-шы квартал запар. Узровень рэальных зарплат называецца «дастаткова высокім», але падставы для яго росту — «не такімі ўжо відавочнымі». Інфляцыя запавольваецца, але Беларусь захоўвае лідэрства па ёй сярод краінаў СНД. Дывэрсыфікацыя экспарту тавараў фактычна правальваецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG