Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Колькі насамрэч каштуе «прэзыдэнцкі» домік у аграгарадку?


Ціхініцкі гатэль

Ціхініцкі гатэль

Мабыць, любы іншаземец, які выпадкова апынецца ў аграгарадку Ціхінічы, ня зможа не ўлюбіцца ў нашу краіну. Я ня буду казаць пра стэрыльную чысьціню мястэчка, пра дагледжанасьць фасадаў і пра афішу мясцовага Дома культуры. Я распавяду пра гатэль «Ціхінічанка». Куды я вымушаны быў засяліцца зь сямʼёй, едучы на Дзень беларускага пісьменства ў Рагачоў.

У Рагачове свабодных месцаў, вядома, не было. Дык вось, уявіце двухпакаёвы люксавы нумар, з добрым рамонтам, з двухспальным ложкам, з аграменнай канапай, зь вялікай лядоўняю, з тэлевізарам, таршэрам, бальконам, і нават зь бідэ ў зіхоткай прыбіральні. Плюс да гэтага на першым паверсе працуе кавярня. Да гадзіны ночы. Дзе мясцовая кухарка з банальных дзяжурных страў, накшталт сьвініны, запечанай у сыры, ці катлеты «Папараць-кветка», робіць сапраўдныя шэдэўры. Плюс да гэтага багаты выбар піва і алькаголю. Плюс вашу замову вам у нумар прынясе афіцыянтка, падобная да Арнэлы Муці ў маладосьці. А на раніцу прыйдзе пакаёўка, падобная да яшчэ не старой Мілы Ёвавіч.

І каштуе гэты гатэльны рай — увага! — 40 рублёў. За такія грошы ў Эўропе вы ня знойдзеце ложак у задрыпаным гостэле.

Ціхінічы
Ціхінічы

Па сьняданку мне б ехаць у пісьменны Рагачоў, пакуль зачараванасьць Беларусьсю ня выветрылася. Але я разгаварыўся з прыгожай афіцыянткай. І чароўная карэта беларускай казкі ператварылася ў гнілы калгасны гарбуз.

23-гадовая Анастасія Тарасенка нарадзілася ў Ціхінічах. Працуючы афіцыянткай, атрымлівае 200 рублёў. Празь месяц зь ёю не працягваюць кантракт. Бо гатэль не акупляецца. Працуе яна дзеля жытла, аграгарадошнага доміка, у якім сама зрабіла рамонт. І які вымушаная будзе пакінуць пасьля звальненьня. Новы паркет і шпалеры дастануцца невядомаму пакуль шчасьліўчыку, будучаму арандатару ціхініцкіх апартамэнтаў.

— Я ўчора працавала да гадзіны ночы. Пазаўчора таксама. Сёньня прыйшла а сёмай раніцы. І зноў буду тут тырчаць да позьняга. І яны «не нуждаюцца» ў афіцыянтцы. Я ж яшчэ і посуд мыю, я прыбіраю. Адна на тры паверхі.

— А пасьля скарачэньня хто гэта будзе рабіць?

— Буфэтчыцы. Але мяне не скарачаюць. Калі б мяне скарачалі, мне б выплацілі кампэнсацыю і прапанавалі іншую працу. Са мною не працягваюць кантракт. Я працую тут ня дзеля грошай, а дзеля свайго жытла.

А колькі ж каштуе той домік? Здаецца, Лукашэнка ў свой час казаў, каб сабекошт не перавышаў дваццаці тысяч даляраў. Але ж гэта сабекошт. За якую суму яго можна выкупіць?

— Каб пакінуць гэты дом сабе, трэба выплаціць 150 000 рублёў новымі. Ладна, калі б ён каштаваў 30 000. Нейкія рэальныя грошы. Але паўтара мільярда! Вы каму такія дамы будуеце?

Вось гэта сапраўды цікава. Справа ў тым, што ў гэтых дамкоў няма рыначнай цаны. Бо яны па-за рынкам. Ёсьць нізкі сабекошт і ўзятая начальствам нават не са столі, а аднекуль з-за аблокаў цана, па якой прапануецца гэтыя харомы выкупіць людзям, якія атрымліваюць менш за сто даляраў у месяц.

Цікава, адкуль такія завоблачныя кошты на гэтыя «дармовыя» дамы? Іх дыктуюць са сталіцы? Ці кожны кіраўнік гаспадаркі можа ўсталёўваць свае цэны?

Падобная праблема чакае і прыгажуню-пакаёўку Сьвятлану Шуранкову. Якая таксама, атрымліваючы ў гатэлі 180 рублёў, пайшла сюды працаваць дзеля жытла. У якім таксама зрабіла рамонт. І зь якой таксама кіраўнік гаспадаркі Сяргей Падабаеў не працягвае кантракт. Нягледзячы на тое, што Сьвятлана — маці-адзіночка.

Але ні суму ў вачах, ні трагічных нотак у голасе. Як беларускім жанчынам пры такіх праблемах і пры такіх даходах удаецца выглядаць шчасьлівымі і бесклапотнымі?

Пакаёўка мне распавяла цудоўную перадвыбарчую гісторыю. Як праўладны кандыдат, сёньняшні дэпутат Палаты прадстаўнікоў, эканаміст Уладзіслаў Шчэпаў задобрываў выбарцаў. Наіўная Сьвятлана верыць, што яе не аддадзены Шчэпаву голас нешта зьменіць.

— Прыехаў, раздаў улёткі. У якіх было напісана, што ён зрабіў для нашага раёну. Там было напісана, што першаклясьнікам зь няпоўных і шматдзетных семʼяў ён зьбіраў «рукзак першаклясьніка». Была такая акцыя. Я ў яго спытала: калі тое было? Ён кажа, што сёлета. «А вы што, шматдзетная?» — «Не, — кажу, — у нас няпоўная сямʼя, і дзіця ідзе ў першую клясу». Ён адказаў: «Я б не сказаў, што вы ў нечым нуждаецеся. Я ня веру, што ў вас маленькая зарплата». І як я магу за яго галасаваць? Напэўна, каб мне дасталася тая дапамога, я мусіла пʼяная валяцца пад плотам.

Пэўна, каб убачыць у сёньняшнім беларускім жыцьці радасьць, трэба перажыць тое, што перажыла ў вайну самая старая жыхарка Ціхінічаў, 92-гадовая Вера Аляксееўна Пінчук. Якую, разам зь іншымі вяскоўцамі, месяц нямецкія акупанты ганялі на поле, замінаванае партызанамі.

— Партызаны, можа, калі і клалі міны. Можа, і разрываліся немцы. І нас пагналі на палі. Вось так адна за адну бярэмся ды ідзем за баронамі. А пасьля зачыняюць нас у хату. Не пускаюць дамоў. Замыкаюць нас. Каб нас спаліць, калі нейкі немец падарвецца. Вось так было. Больш за месяц мы тапталі тое поле. Як штосьці гукне, дык мы думалі, што нам ужо канец.

— Каго-небудзь параніла? Каго-небудзь забіла?

— Не. Як мы пачалі тыя палі таптаць, партызаны даведаліся, што нас ганяюць тыя міны баранаваць з конямі. Дык навошта ім класьці? У каго сваякі ў партызанах, тыя сваіх забралі ў лес. А ў нас не было. Наш бацька з Тулы. Тут радні не было. Браты на фронце.

Каля Дому культуры да мяне падышлі двое вясёлых, з бадуна, маладзёнаў і вельмі культурна папрасілі памяняць тысячу расейскіх рублёў на беларускія. Саша і Сярожа, як высьветлілася, ахвяры Дня беларускага пісьменства.

— Нас у міліцыі папярэдзілі, каб мы ў гэтыя дні ў Рагачове не паказваліся. «Едзьце куды хочаце, але каб у Рагачове вас не было. А інакш на суткі закрыем, каб ня лазілі».

— І многа такіх людзей?

— Хто без работы афіцыйнай, хто трапляўся неаднакратна. Усіх пʼяніц і дармаедаў з гораду прыбраць.

Чым болей я гаварыў з мужыкамі, тым меней разумеў рагачоўскіх міліцыянтаў. Гэта адказныя бацькі сямействаў, якія вымушаныя працаваць дзеля дзяцей за тысячу вёрст. Няйнакш у Рагачове зьбяруцца толькі лепшыя людзі раёна. Як дэпутат Шчэпаў і дырэктар адкрытага акцыянэрнага таварыства «Ціхінічы» спадар Падабаеў, якому я асабіста хацеў падзякаваць за найлепшы беларускі гатэль. І папрасіць ні ў якім разе не звальняць такіх супрацоўніц.

— Я раней у Ціхінічах працаваў майстрам, як фэрмы будавалі. Усё. Фэрмы спыніліся, і працы таксама няма.

— Я кіроўца першай клясы. Працы знайсьці не магу. Дзіця маленькае, жонка. На два мільёны тут пражыць нерэальна. А на Расію зьезьдзіў, дваццаць тысяч расійскіх прывёз, ужо можна жыць.

— Я сталяр-станочнік, тэхнік-будаўнік. Я не магу тут уладкавацца на працу. Бо яе няма. Ежджу працаваць дарожнікам. Трэцяе Маскоўскае кальцо будую.

Як доўга будзе цягнуцца гэтая стабільнасьць? Наколькі хопіць цярпеньня беларусам. Адказ мне дала афіцыянтка Наста Тарасенка.

— А каму тут бунтаваць? Зарплату ўрэжуць. А куды людзі пабягуць, у каго двое, трое дзяцей? Нікуды яны не пабягуць. Бо ўсім патрэбныя дамы. Мы як у рабстве. Мы ўсе людзі калгасныя. Мы прывыклі працаваць на зямлі. Што, нехта з трактарыстаў паедзе ў горад працаваць мэнэджэрам? Не, вядома. Зараз усе куды бягуць? На Расію, на Маскву. А зараз нам і гэта не дазваляюць. Што нам зрабілі? Падатак за дармаедзтва. Усе сядзім дома і працуем на аграгарадкі. Мы ўсе ў адным рабстве. З-за нейкіх дамоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG