Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гульня ў дэмакратыю на АНТ з дапамогай «нажніц» і правакатараў-клакераў


Удзельнікі ток-шоў на канале АНТ «Справа прынцыпу» дзеляцца са Свабодай сваімі ўражаньнямі.

Выказацца было цяжка з-за вялікай колькасьці ўдзельнікаў — каля двух дзясяткаў. На праграму запрасілі так званых «клакераў», якія крыкамі заглушалі непрыемныя для ўлады выказваньні. А тэмы АЭС баяцца больш, чым тэмы фальсыфікацыі выбараў.

Тацяна Караткевіч: «Такое адчуваньне, што цябе пастаянна правакуюць»

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Лідэрка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч першы раз брала ўдзел у падобным ток-шоў, яе запрасілі толькі на першую частку праграмы:

«Выступоўцаў было каля дзясятка, на ўсе пра ўсё — 30 хвілін. Пачаўся запіс у 14:30, да эфіру часу было мала. Таму вядоўца, каб менш мантажаваць, даваў сказаць толькі літаральна па адной фразе, перабіваў, рэзка абсякаў. Нават не перапісвалі падводкі Гігіна з запінкамі, агаворкамі, памылкамі.

У эфіры пакінулі толькі адну фразу Ірыны Вештард. Анастасіі Дарафеевай першы раз не далі сказаць, другі раз абсеклі таксама. Я старалася браць ініцыятыву і сама ўступала. Але было даволі цяжка і некамфортна. Вядоўца Вадзім Гігін пытаньні задае настолькі розныя, з шпількамі да кожнага — „прывядзіце аргумэнты, факты, што няма парлямэнту, што непразрысты падлік галасоў“. Пачынаюць людзі гаварыць — выказацца не дае. Такое адчуваньне, што цябе пастаянна правакуюць, а паводзіць сябе трэба годна.

Непрыемнае ўражаньне засталося ад палітоляга Вадзіма Баравіка, фразы ў яго гучалі непарлямэнцкія: і пра соплі, і пра палітычную прастытуцыю, і пра палітычны ананізм. Стрымацца было цяжка. Трэба было ўкліньвацца і наступаць.

Мадэрацыі з боку вядоўцы, па сутнасьці, не было, ён не накіроўваў дыскусію ў нейкае адно рэчышча, прапаноўваў гаварыць пра ўсё, была проста каша.

Я лічу, што ў такіх ток-шоў трэба абмяркоўваць больш вузкія тэмы — пра празрыстасьць выбараў, як гэтага дасягнуць, што павінны рабіць дэпутаты і гэтак далей. А ўчора ўсё зьмяшалі ў адну кучу».

Сяргей Калякін: «Падбіраецца адмысловы склад клакераў, што забіваюць выступы, якія не даспадобы, крыкамі, а не аргумэнтамі»

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін перакананы, што дыскусіі з такой вялікай колькасьцю ўдзельнікаў — 20 чалавек — праводзіць немагчыма, таму ўсё было бачна на экране:

«Тое, што я хацеў данесьці, я сказаў. Мой тэзіс быў такі: „Калі вы такія моцныя і сумленныя, навошта хаваеце сваю перамогу? Пастаўце відэакамэры, пакажыце пад камэрамі бюлетэні — пераканайце людзей, што ўсё справядліва і сумленна“. Але ўлады гэтага ня робяць. Прычым мяне ніхто не абверг.

Хаця, канечне, „нажніцы“ прысутнічаюць. З выступу старшыні БСДП (Грамада) Ірыны Вештард пакінулі адну фразу, а важны кавалак вымантажавалі, выразалі — дзе яна казала, што зьяўляецца кандыдатам, і прасіла пры ёй проста пагартаць стосы бюлетэняў, каб яна пераканалася, што гэта „ня ліпа“.

Ну, а сама атмасфэра ток-шоў ня вельмі камфортная. Падбіраецца адмысловы склад адмысловых людзей — клакераў, каб выступоўцаў, якія не даспадобы, забіць крыкамі, а не аргумэнтамі. У якасьці клакера гэтым разам выступаў намесьнік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч.

Ды што тут абмяркоўваць — дзяржаўныя СМІ ў Беларусі даўно ператварыліся ў сродкі прапаганды, а не інфармацыі».

Анастасія Дарафеева: «Тэмы АЭС баяцца больш, чым фальсыфікацыі выбараў»

Анастасія Дарафеева
Анастасія Дарафеева

Старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Анастасія Дарафеева кажа, што падчас запісу праграмы ў яе было адчуваньне поўнага сюррэалізму:

«Сядзяць сур’ёзныя, разумныя людзі, вядучы — палітоляг, і нясуць такую лухту пра празрыстасьць і дэмакратычнасьць выбараў! Было сьмешна, але і сумна.

Але мне падалося, што тэмы фальсыфікацыі выбараў баяцца менш, чым тэмы АЭС. Бо кавалак з таго, што я казала пра выбары, яшчэ пакінулі. А вось пра АЭС — выразалі.

Справа ў тым, што я прыйшла на запіс праграмы ў майцы з надпісам „Не — Астравецкай АЭС“. Палітоляг Вадзім Баравік зрабіў мне заўвагу пра майку: „Вы што, хочаце пакінуць рабочых бяз працы?“ Я распавяла, што зь цяжкасьцю ўдалося зрабіць на майцы прынт. У цэнтры „Карандаш“ адмаўляліся друкаваць такі тэкст, маўляў, ёсьць распараджэньне ўзгадняць надпісы. Дарэчы, пасьля запісу першай часткі праграмы з-за майкі вывелі з трыбуны, дазволілі глядзець працяг запісу ў асобным пакоі. Ну, і ўсё, што я казала пра АЭС — выразалі, канкрэтна, груба затыкалі мне рот. Калі ўважліва глядзець праграму, рэплікі пра АЭС засталіся, адчуваецца, што быў грубы мантаж.

Але вядоўцу Вадзіма Гігіна я яшчэ магу зразумець, а вось Алег Гайдукевіч паводзіў сябе як правакатар: крычаў, фактычна заглушаў выступоўцаў. Тое самае магу сказаць і пра палітоляга Вадзіма Баравіка.

Але я лічу, што ў такіх ток-шоў трэба браць удзел. Сёе-тое сказаць удалося. Разумныя людзі ўсё разумеюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG