Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штурханіна на Кастрычніцкай, вершы на Незалежнасьці— як беларусы пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў


Некалькі дзясяткаў нацыянальных сьцягоў, каля 500 чалавек, стыхійнае шэсьце ад Кастрычніцкай да Плошчы Незалежнасьці — так у Менску прайшла акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў парлямэнцкіх выбараў. Не абышлося без правакацыяў: хлопцы ў цывільным распачалі штурханіну на прыступках Палацу Рэспублікі.

За гадзіну да пачатку акцыі за будынкам Палацу стаялі пяць аўтобусаў зь міліцыяй. АМАПаўцы і міліцыянты ў цывільным загадзя пачалі патруляваць Кастрычніцкую плошчу. Арганізатары мітынгу — Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч заклікалі грамадзян прыходзіць сюды а 6-й вечара, каб выказаць сваё стаўленьне да сёлетняй выбарчай кампаніі. Да іх далучыўся Малады Фронт і Рух салідарнасьці «Разам».

Першым на плошчы зьявіўся Зьміцер Дашкевіч зь бел-чырвона-белым сьцягам і трыма паплечнікамі.

— Шчыра кажучы, нікому не цікавыя ані гэтыя выбары, ані акцыі пратэсту. Я прыйшоў толькі таму, што ўпэўнены: пакуль мы выходзім на Плошчу, Беларусь не пераўтворыцца ў Паўночную Карэю. Што тычыцца выбараў, то я не разумею, навошта дэмакратычная супольнасьць увогуле ў іх удзельнічала, — сказаў Свабодзе лідэр Маладога Фронту.

Неўзабаве колькасьць пратэстоўцаў дасягнула дзясяткаў чалавек. Сярод грамадзкіх актывістаў, што прыйшлі сёньня на Кастрычніцкую — Павал Вінаградаў, Павал Пракаповіч, Вольга Мікалайчык, Максім Вінярскі, Алесь Макаеў ды іншыя. Арганізатары прынесьлі гукаўзмацняльную апаратуру — у калёнках зайгралі хіты беларускага року.

— На мой погляд, выраз «прайшлі ў парлямэнт» нельга ўжываць у дачыненьні да дэпутатак Анісім і Канапацкай, бо, па-першае, апазыцыянэрка зь іх толькі адна, а па-другое, яны проста былі прызначаныя на пасаду. Спачатку Лукашэнка прагнуўся пад Расею, падтрымаўшы Фомачкіна, а пасьля прагнуўся пад Захад, прапусьціўшы гэтых жанчын у Палату прадстаўнікоў, — такое меркаваньне выказаў Уладзімер Някляеў.

Ля Палацу Рэспублікі стаялі ўжо сотні чатыры ўдзельнікаў акцыі, калі актывісты падняліся на прыступкі і пачалі прамаўляць у мікрафон.

— Віншую вас зь перамогай двух кандыдатаў ад апазыцыі! — пракрычаў у натоўп Зьміцер Дашкевіч, — Першы кандыдат — байкот, другі — «супраць усіх»! Жыве Беларусь!

Мітынгоўцы скандавалі «Жыве Беларусь!», а міліцыянты ў цывільным павольна набліжаліся да эпіцэнтру акцыі. Некаторыя зь іх былі ў кепках з надпісам «Russia». Раптоўна вакол Дашкевіча пачалася цісканіна. Павал Севярынец заклікаў астатніх устаць у жывы ланцуг, каб не дапусьціць затрыманьняў. Людзі ў цывільным брутальна штурхалі пратэстоўцаў у розныя бакі, а тыя штурхалі іх у адказ. Справа амаль дайшла да бойкі. Журналістаў таксама спрабавалі адціснуць ад эпіцэнтру канфлікту. Супрацоўнік міліцыі ў форме пачаў складаць пратакол на кагосьці з удзельнікаў, але хутка сышоў. Прысутны тут камандзір Менскага АМАПу Дзьмітры Балаба быў вымушаны ўмяшацца і даў загад сваім падначаленым спыніць штурханіну.

Пасьля гэтага арганізатары агучылі рашэньне рушыць па праспэкце да будынку ЦВК. Яны скандавалі лёзунгі, трымалі сьцягі і расьцяжкі. Да Плошчы Незалежнасьці дайшлі безь перашкодаў, але ў суправаджэньні значнай колькасьці праваахоўнікаў. Калёна спынілася ля Чырвонага касьцёлу, каб завяршыць акцыю чытаньнем вершаў.

— Мы бачым, што сёньня былі ўжытыя сілавыя мэтады. Мабыць, такім чынам улады ратуюць свой гонар пасьля пэўных лібэральных крокаў. Людзі баяцца ісьці далей — менавіта гэта ёсьць падставай для завяршэньня шэсьця. Але ў выпадку складаньня пратаколаў на ўдзельнікаў наступным разам, мы ня будзем зьвяртаць увагі на міліцыянтаў і ніхто ня ведае, куды рушыць гэты натоўп, — пракамэнтаваў сытуацыю Мікалай Статкевіч.

Вядома, што ў Полацку быў затрыманы Мікола Манохін, які зьбіраўся на мітынг у Менск. Пра іншыя затрыманьні не паведамляецца. Каля 20.00 пратэстоўцы разышліся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG