Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыход Алены Анісім у Палату прадстаўнікоў – першы паўкрок наперад пасьля гіганцкага кроку назад, якім стаў рэфэрэндум 1995 году.

Усе гэтыя 20 зь лішкам гадоў беларушчына ў Беларусі трымалася выключна на энтузіязме людзей, насуперак уладзе, якая ў савецкіх традыцыях глядзіць на ўсё нацыянальнае толькі як на элемэнт дэкарацыі.

Зразумела, што Алена стала дэпутатам «з дазволу». Але нельга скідаць з рахункаў яе асабістыя якасьці, блізкасьць да людзей і волю да перамогі. Ніхто не закіне Алене ролю «падстаўнога апазыцыянэра» ці, пагатоў, агента спэцслужбаў. Ня той выпадак. Чалавек усё сваё жыцьцё, ад студэнцкіх часоў да сёньня прысьвяціў беларушчыне. Зь іншага боку, са зьяўленьнем у Палатцы такога не муляжнага дэпутата, сама Палатка можа пачаць зьмяняцца. Прынамсі, ня будзе такой маналітна ніякай, як цяпер. Бо відавочна – Анісім прыйшла туды не для таго, каб прадрамаць на паседжаньнях свой тэрмін.

Зьвярніце ўвагу – у беларушчыны ва ўладзе зьявіўся рэальны прадстаўнік. Не спарадычны і «са сваёй ініцыятывы», якім быў, напрыклад, папярэдні міністар культуры, а паўнавартасны, з выразнай задачай пашыраць беларушчыну. Гэта, у сваю чаргу, можа пачаць працэс зьменаў самой улады. А ўсе беларусізацыйныя ініцыятывы ТБМ будуць падтрыманыя ўладай у асобе дэпутата Анісім. Лішне казаць, як у нас людзі ставяцца да ўлады і як прыстасоўваюцца пад яе інтэнцыі.

Ясна, што Алена Анісім прыйшла ў дэпутаты не адна, а з камандай. Колішняя майстроўка ўвасабляе сабою тую Майстроўню, першую нефармальную арганізацыю моладзі, зь якой і пачаўся ў Беларусі нефармальны рух за незалежнасьць, дэмакратычныя зьмены і беларушчыну.

Нейкі зацяты змагар у сетках ужо запатрабаваў ад Алены Анісім зараз жа выступіць з заявай, што выбары не былі справядлівымі. Інакш кажучы – пазыцыянаваць сябе непрымірымай апазыцыянэркай у Палаце, кшталту Скрабца ці Фралова, чый апазыцыянізм уласна апазыцыянізмам і вычэрпваўся.

Думаю, у Алены Анісім іншыя задачы, і слухаць яе малыя і вялікія начальнікі будуць толькі як уладу, а не як апазыцыю, якая ў нас зусім не ўспрымаецца як нешта парлямэнцкае, але як нешта несыстэмнае, варожая для краіны «пятая калёна».

І тут – самая сутнасьць цяперашняга беларускага грамадзтва, якое ўсьведамляе сябе нацыяй у яшчэ горшай ступені, чым тое было за Брэжневым. Рыторыка ўладаў, СМІ, РПЦ прывяла да таго, што беларускае насельніцтва адчувае сябе прыблізна так, як насельніцтва Варонежскай вобласьці, як расейская правінцыя. А ў правінцыі не бывае ані паўнавартаснага парлямэнту, ані справядлівых выбараў, ані, калі хочаце, байкоту ці рэвалюцыі. Менавіта такая сёньня Беларусь.

Народу трэба зразумець сябе народам – адметным ад іншых, самастойным і дужым у яднаньні – каб стаць крыніцаю ўлады, як тое напісана ў Канстытуцыі. Тады можна будзе гаварыць і пра справядлівыя выбары, і пра парлямэнцкую апазыцыю. Але сёньня нічога гэтага няма. Думаю, якраз ва ўсьведамленьні беларусамі сябе нацыяй – галоўная задача Алены Анісім, яе каманды і ўсіх тых, каго ёй удасца прыцягнуць на свой бок у Палаце, у вэртыкалі і ў самым шырокім народзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG