Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінспорту ня ведае, хто нёс расейскі сьцяг на адкрыцьці Паралімпіяды


Беларускае міністэрства спорту і турызму пакуль не пачынала высьвятляць асобу чалавека, які нёс сьцяг Расеі на адкрыцьці Паралімпійскіх гульняў, вынікае са словаў прэс-сакратара Мінспорту.

«Я пакуль што ня ведаю, хто гэты чалавек, — кажа Свабодзе прэс-сакратар Міністэрства спорту Уладзімер Несьцеравіч. — Менавіта зараз я ня ўпэўнены, што будзем гэтым займацца. Не, нам цікава, хто гэта, бо гэтая акцыя не была санкцыянаваная міністэрствам. Але хто гэты чалавек... Паспрабуем высьветліць».

Па фота падобна, што гэта не адзін зь беларускіх паралімпійцаў. У Міжнародным паралімпійскім камітэце заявілі, што яго асоба выяўленая, абмяркоўваюцца магчымыя дысцыплінарныя меры. Раней у МПК папярэдзілі, што падобныя паводзіны будуць расцэненыя як палітычны жэст.

«Калі яны высьветлілі, то пытаньне да міжнароднага паралімпійскага камітэту, — камэнтуе гэта Несьцеравіч. — Яны ўжо ведаюць — ну, пачакаем. Мабыць, яны распавядуць, што гэта за чалавек і што яны прыдумалі рабіць цяпер».

XS
SM
MD
LG