Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дармовая гарбата, зьніжкі, распродаж хлеба, — як выбарнікаў завабліваюць на галасаваньне


Акруговая камісія Старавіленскай выбарчай акругі № 105 у Менску разаслала выбарнікам улёткі зь пералікам «бонусаў», якія чакаюць іх на выбарчых участках.

Традыцыйна ў дзень галасаваньня на выбарчых участках арганізоўваюць працу буфэтаў. Але сёлета ўсе выбарнікі змогуць там выпіць дармовай гарбаты (ці трэба будзе пацьвердзіць, што выбарнік ужо прагаласаваў, — невядома).

Апроч гэтага першым наведнікам выбарчых участкаў абяцаюць «бонусы і падарункі, сюрпрызы дзецям». Усе змогуць паўдзельнічаць у «правядзеньні дэгустацыяў айчынных вытворцаў, страваў беларускай нацыянальнай кухні», а таксама трапіць на «пашыраны распродаж хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў», купіць са зьніжкай садавіну і гародніну.

Выбарнікам абяцаюць «сьвяточную, цёплую атмасфэру», стварэньню якой, апроч зьніжак на харчы, на думку камісіі, будуць спрыяць «творчыя нумары мастацкай самадзейнасьці і музычных калектываў, выступ вакальных выканаўцаў».

Сьпявачка Ірына Дарафеева, якая балятуецца ў гэтай акрузе, выступіць, відаць, ня зможа, бо агітацыя ў дзень галасаваньня забароненая.

Для аматараў актыўнага ладу жыцьця арганізатары падрыхтавалі спартовыя спаборніцтвы.

У Старавіленскай выбарчай акрузе № 105 балятуецца шэсьць кандыдатаў — камуніст Кірыл Герасімаў, беспартыйная сьпявачка Ірына Дарафеева, сын былога кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў Андрэй Козік, сябра Партыі БНФ Уладзімер Падгол, былы кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка і сябра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Часалаў.

Тым часам 6 верасьня пачынаецца датэрміновае галасаваньне, якое працягнецца пяць дзён.

Паводле БелаПАН, у бюлетэнях для галасаваньня значыцца 491 кандыдат у дэпутаты. Зь іх 313 зьяўляюцца сябрамі палітычных партыяў, 115 — жанчыны, 28 — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў дзейнага скліканьня, 35 — дэпутаты мясцовых саветаў.

Паводле стану на 2 верасьня Цэнтравыбаркам зарэгістраваў 821 міжнароднага назіральніка. Найбольш масавымі зьяўляюцца місіі міжнародных назіральнікаў ад СНД і Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, ад якіх акрэдытаваныя адпаведна 331 і 341 назіральнік. Пры выбарчых камісіях рознага ўзроўню, паводле зьвестак на 5 верасьня, акрэдытавана 32015 нацыянальных назіральнікаў.

У нацыянальным назіраньні будуць удзельнічаць прадстаўнікі як праўладных, так і незалежных структураў. Незалежныя назіральнікі праводзяць кампаніі «Права выбару — 2016», «Праваабаронцы за свабодныя выбары», «За справядлівыя выбары».

Паводле афіцыйных зьвестак, на парлямэнцкіх выбарах 2012 году датэрмінова прагаласавалі каля 25 % выбарнікаў, на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году — каля 36%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG