Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Права выбару» пра выбарчую кампанію: зьмены ёсьць, але ў горшы бок


Прадстаўнікі «Права выбару» Алесь Сілкоў, Дзяніс Садоўскі, Аляксей Янукевіч, Ігар Барысаў

Прадстаўнікі «Права выбару» Алесь Сілкоў, Дзяніс Садоўскі, Аляксей Янукевіч, Ігар Барысаў

Апазыцыйныя кандыдаты фактычна пазбаўленыя сродкаў для правядзеньня паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў. Пра гэта заяўляюць прадстаўнікі кампаніі назіраньня «Права выбару».

«Мы бачым, што стаўленьне ўладаў да арганізацыі агітацыйнай часткі кампаніі зьмянілася, і зьмянілася ў горшы бок. Раней, падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў, мы бачылі наступны падыход уладаў: давайце ў вас будзе 1–2 месяцы свабоды, агітуйце, а мы сваё возьмем на падліку галасоў. Але падчас гэтай кампаніі абсалютна відавочна ўлада прыняла для сябе новую лінію: нельга дазваляць дэмакратычным кандыдатам уздымацца над гэтай шэрай масай кандыдатаў ад улады, нельга каб гэты нізкі ўзровень падрыхтоўкі людзей, якіх улада вядзе ў парлямэнт, быў яўна бачны. Менавіта таму адбываецца цэнзураваньне», — кажа старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Як адзначае каардынатар кампаніі «Права выбару» Дзяніс Садоўскі, падчас агітацыйнай кампаніі былі зафіксаваныя шматлікія факты цэнзуры. Выступы дэмакратычных кандыдатаў на тэлебачаньні, а таксама іх праграмы ў друкаваных СМІ або цэнзураваліся, або наагул здымаліся.

Прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» зьвяртаюць увагу на тое, што зьмены ў Выбарчы кодэкс, якія прадугледжваюць адмову ад дзяржаўнага фінансаваньня агітацыі, нэгатыўна паўплывалі на характар выбарчай кампаніі.

«Кандыдаты ад апазыцыі фактычна пазбаўленыя магчымасьці праводзіць актыўную агітацыю. Узровень страху, які цяпер ёсьць у дзяржаве, не спрыяе таму, каб грамадзяне фінансавалі кампаніі апазыцыйным кандыдатам. Зь іншага боку, кандыдаты ад улады гэтыя грошы маюць, бо выкарыстоўваюць адміністратыўны рэсурс, а таксама маюць падтрымку з боку дзяржаўных арганізацыяў», — кажа Дзяніс Садоўскі.

Зьмены ў Выбарчы кодэкс абумовілі малую колькасьць агітацыйнай прадукцыі і рэклямы кандыдатаў. Тыя ж інфармацыйныя матэрыялы, якія ў агульным парадку друкуюцца ўладамі, фактычна зьведзеныя да публікацыі біяграфічных зьвестак кандыдатаў у дэпутаты, лічаць назіральнікі.

«Гэта сьвядомы крок уладаў, які павінен схаваць тое, што праўладныя кандыдаты абсалютна ня маюць уяўленьня, як павінна разьвівацца краіна, у іх няма ніякіх прапаноў. Калі б кандыдаты мелі дзяржаўныя грошы на выраб уласных агітацыйных матэрыялаў, гэтая розьніца была б бачная, таму што дэмакратычныя кандыдаты надрукавалі б свае прапановы», — лічыць Янукевіч.

У кампанію назіраньня за выбарамі «Права выбару-2016» уваходзяць восем арганізацыяў: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэсу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG