Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Кіеве падпалены будынак тэлеканалу «Інтэр», ёсьць пацярпелыя


Будынак, дзе разьмяшчаецца тэлеканал «Інтэр», пасьля нападу і падпалу 4 верасьня 2016

Будынак, дзе разьмяшчаецца тэлеканал «Інтэр», пасьля нападу і падпалу 4 верасьня 2016

У Кіеве ў выніку нападу і падпалу цалкам зьнішчаная тэлевізійная студыя інфармацыйных праграм тэлеканалу «Інтэр».

Як распавёў дырэктар «Нацыянальных інфармацыйных сыстэм» каналу Аляксандар Піліпец, невядомыя ў масках прарваліся праз пост аховы, распылілі ў будынку некалькі парашковых вогнетушыцеляў, падпалілі студыю і схаваліся. Паводле Піліпца, пасьля сябе нападнікі пакінулі ля ўваходу ў будынак каналу супрацьтанкавую міну.

Пажарным прыкладна праз гадзіну ўдалося справіцца з агнём, які ахапіў амаль цэлы паверх будынку. З памяшканьняў былі эвакуаваныя ўсе супрацоўнікі. Пяць чалавек атруціліся ўгарным газам, адна з супрацоўніц атрымала траўму.

Інцыдэнт пачаўся з таго, што група маладых людзей — каля дваццаці чалавек — палілі шыны ля будынку і кідалі ў яго дымавыя шашкі. На адной са сьцен удзельнікі акцыі пакінулі надпіс «„Інтэр“ — агент Крамля»!

Паліцыя затрымала шэсьць чалавек, якім могуць інкрымінаваць «хуліганства» і «наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці».

Міністар унутраных справаў Украіны Арсен Авакаў у эфіры тэлеканалу «1+1» паведаміў, што большасьць затрыманых — былыя вайскоўцы 30-й асобнай мэханізаванай брыгады Ўзброеных сіл Украіны.

Журналісты і супрацоўнікі «Інтэру» зьвярнуліся да прэзыдэнта краіны Пятра Парашэнкі з просьбай адрэагаваць на напад і падпал офісу тэлеканалу.

З часу расейскай акупацыі Крыму і канфлікту ў Данбасе ля будынку тэлеканалу прайшло некалькі акцый пратэсту, удзельнікі якіх абвінавачвалі «Інтэр» у пракрамлёўскай інфармацыйнай палітыцы.

Напярэдадні міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў зьвярнуўся да Службы бясьпекі з заклікам расьсьледаваць дзейнасьць кіраўніцтва тэлеканалу «Інтэр» у сувязі зь яго «антыдзяржаўнай пазыцыяй».

У пачатку гэтага году Нацыянальная рада па пытаньнях тэлевізіі і радыёвяшчаньня Ўкраіны вынесла папярэджаньне каналу «Інтэр» за трансьляцыю навагодняй праграмы, у якой выступіў, у прыватнасьці, дэпутат Дзярждумы Расеі, сьпявак Іосіф Кабзон, абвешчаны ва Ўкраіне «пэрсонай нон-грата».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG