Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананімныя алькаголікі праводзяць свой зьезд у Гомелі


3 верасьня ў санаторыі «Машынабудаўнік» пад Гомелем адкрыўся двухдзённы форум ананімных алькаголікаў (АА) Беларусі. На яго запрошаны чальцы групаў з Расеі, Украіны, краін Балтыі.

У першы дзень у межах форума ладзіўся «круглы стол» з удзелам прадстаўнікоў уладных структураў, нарколягаў, сьвятароў, мэдыяў. Па інфармацыі кіраўніка гомельскай групы АА «Рубікон» Антона, у Беларусі каля 80 групаў, якія наведваюць звыш 2 тысяч чалавек. У Гомелі дзьве такія групы, яшчэ адна — «Ал-Анан» — створана для чальцоў сем’яў алькаголікаў.

На «круглым стале» падкрэсьлівалася, што супольнасьць АА не займаецца агітацыяй, ня ставіць дыягназаў, не забясьпечвае прадуктамі і вопраткай, не дае характарыстык для ўмоўна-датэрміновага вызваленьня зь лячэбна-працоўных прафілякторыяў. Групы займаюцца, вобразна кажучы, тымі, «хто б’ецца галаваю аб сьцяну» у пошуках выйсьця.

«Сам я пачаў выпіваць з 13 гадоў, — распавёў Антон пасьля „круглага стала“. — У 28-м страціў усё — працу, бацькоў, жонку з двума дзецьмі».

Цяпер Антону 34-ы. Згубленае ўдалося вярнуць праз своеасаблівы катэхізыс — «Дванаццаць крокаў ананімных алькаголікаў», праз настаўніцтва. Гэта калі той, хто здолеў сябе выратаваць ад «зялёнага зьмея», дапамагае навічку.

Чальцы АА з Менску, Горадні, Шклову, Магілёву распавядалі пра свае кантакты з афіцыйнымі структурамі, спробы праз доступ ў калёніі, ЛПП, прыахвоціць да свайго ладу жыцьця тамтэйшых сядзельцаў, каб яны выйшлі на волю зь іншымі поглядамі і звычкамі.

Адзначалася, што ў Менску праз інфармацыйныя стэнды і ўлёткі ў сацыяльных цэнтрах удаецца пазнаёміць больш шырокую аўдыторыі пра дзейнасьць групаў АА, іх падыходы да пазбаўленьня ад алькагольнай залежнасьці.

Юры з Горадні, у прыватнасьці, апавёў, што іх група знайшла паразуменьне з мэдыкамі, каталіцкімі ксяндзамі. А вось з участковымі міліцыянтамі складанасьці застаюцца дагэтуль. Першы намесьнік начальніка Гомельскага абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацый Сяргей Мялешкін зазначыў, што з прычыны спажываньня алькагольных напояў здараецца шмат пажараў, асабліва ў сельскай мясцовасьці. Выпіў — закурыў — прылёг — пажар. Таму і прапанаваў падпалкоўнік унутранай службы, каб групы АА бралі ўдзел у так званых аглядных камісіях, якія ствараюць выканаўчыя камітэты, і наведвалі разам з камісіямі праблемныя сем’і.

Аднак, мяркуючы па рэакцыі ўдзельнікаў «круглага стала», асаблівага энтузіязму прапанова ня выклікала, бо ананімныя алькаголікі стасуюцца «ад рукі да рукі», «ад дзьвярэй да дзьвярэй».

Айцец Аляксандар з Гомельскай эпархіі перакананы, што ў царквы ёсьць багаты досьвед пазбаўленьня чалавека ад розных спакусаў — праз аскетызм. Шмат дзе ўзаемадачыненьні служыцеляў царквы і групаў АА заслугоўваюць увагі. У Гомелі, аднак, падобнай практыкі не стае.

На «круглым стале» згадвалася таксама, што Садружнасьць ананімных алькаголікаў упершыню ўтварылася 80 гадоў таму ў горадзе Акрон у Амэрыцы. Два безнадзейныя алькаголікі, вядомы хірург і бізнэсовец, сустрэліся і крута павярнулі сваё жыцьцё, ды яшчэ сталі дапамагаць іншым.

І калі выздаравела першая сотня, нарадзілася кніга «Ананімныя алькаголікі», у якой сфармуляваны «Дванаццаць крокаў АА» — гэткая сукупнасьць духоўных прынцыпаў. Увасабляючы іх, хворы пазбаўляецца ад алькагольнай залежнасьці, становіцца шчасьлівым і карысным чалавекам.

У сьвеце зараз існуе каля 120 тысяч групаў АА. Беларуская супольнасьць успрымае сябе неад’емнай, але самастойнай часткай Усясьветнага таварыства ананімных алькаголікаў.

XS
SM
MD
LG