Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яго можна назваць і практычна новым: першапачатковы зьнешні выгляд унікальнага помніка, які зьявіўся ў Полацку ў верасьні 2003 году, зьменены амаль да непазнавальнасьці.

Ад пачатку помнік уяўляў сабою стэлу на пастамэнце, якая магла служыць яшчэ й «стрэлкай» сонечнага гадзіньніка. На пастамэнце была выява літары «Ў нескладовае» і цытата зь верша Рыгора Барадуліна «Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся сьвет». На працягу некалькіх апошніх гадоў помнік выглядаў непрывабна, бо літары раскрышыліся — ці то пад узьдзеяньнем прыродных ападкаў, ці то «пастараліся» невядомыя вандалы...

Два гады грамадзкасьць дамагалася таго, каб помнік быў адноўлены — бо ягоны непрывабны выгляд дыскрэдытуе Полацак, «калыску беларускага пісьменства», у вачох шматлікіх турыстаў. І вось сёлета полацкія ўлады зрабілі даўно чаканы рамонт.

На ранейшым месцы — у сквэры па праспэкце Скарыны, на ранейшым мураваным узвышэньні зьявіліся новыя канструкцыйныя элемэнты помніка. На пастамэнце цяпер — толькі выява літары «Ў», а замест стэлы ў першапачатковым выглядзе зьявіўся элемэнт, які нагадвае адчыненую кнігу.

Кветкі і літара “Ў”, адметнасьць беларускай мовы.

Кветкі і літара “Ў”, адметнасьць беларускай мовы.

На «вокладцы» з аднаго боку — тая ж цытата зь верша Рыгора Барадуліна, але ўжо з пазначэньнем аўтарства. Тут жа разьмешчаны вядомы малюнак — накладзеныя адна на адну выявы сонца і месяца з чалавечымі тварамі. Гэта так званы сігнэт, адзнака выдаўца, які Францыск Скарына пачаў ужываць першым ва Ўсходняй Эўропе.
На другім баку «вокладкі» — таксама выява літары «Ў» і некалькі беларускіх словаў, у якіх яна ёсьць — «Браслаў», «кіроўца», «настаўнік», «дзеяслоў» і іншыя.

На другім баку вокладкі — словы зь літарай «Ў»

На другім баку вокладкі — словы зь літарай «Ў»

Аўтар абодвух варыянтаў помніка — і ранейшага, і апошняга — полацкі мастак Ігар Куржалаў. Цягам некалькіх апошніх тыдняў над усталяваньнем помніка працавалі работнікі мясцовага прадпрыемства ЖКГ, і яны выканалі працу своечасова. Як і было абвешчана ў пашпарце аб’екта, помнік аднавілі дзень у дзень да 1-га верасьня. І нехта ўжо паклаў да яго букет белых і чырвоных кветак.

Кветкі і літара «Ў», адметнасьць беларускай мовы.

Кветкі і літара «Ў», адметнасьць беларускай мовы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG