Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы коцімся да галечы», — у Гомелі апазыцыйныя кандыдаты сустрэліся з выбарнікамі


На сцэне (зьлева направа) — Аляксандар Шарыпаў, Юры Глушакоў, Аляксандар Дзенісенка

На сцэне (зьлева направа) — Аляксандар Шарыпаў, Юры Глушакоў, Аляксандар Дзенісенка

Нацыянальны сход ня мае сілы — чаго туды ісьці?

У абласны Палац творчасьці дзяцей і моладзі надвячоркам прыйшлі адразу тры кандыдаты — Юры Глушакоў, Аляксандар Дзенісенка і Аляксандар Шарыпаў. Першы зь іх прадстаўляе Беларускую партыю «Зялёныя», другі — Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю («Грамаду»), трэці — прадстаўнік «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі», вылучаны па дамоўленасьці кандыдатам у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Сустрэчай зацікавіліся ўсяго дванаццаць выбарнікаў і паўдзясятка журналістаў — агулам 17 чалавек.

Пераказ біяграфіяў прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат перапыніў сталага веку гараджанін Леанід, абазнаны ва ўнутраных справах краіны.

«Чаго вы ідзяце ў гэты Нацыянальны сход, які ніякай сілы ня мае? — цікавіўся Леанід. — За чатыры гады дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ініцыявалі толькі тры законы, астатнія паступалі з адміністрацыі прэзыдэнта і ўраду. І хто вас там пачуе, апроч прысутных, нават калі вам дадуць выступіць? Дык чаго ісьці, калі легітымнасьць гэтай Палаты не прызнаная?»

Кандыдат БХД-АГП Аляксандар Шарыпаў патлумачыў, што, паводле закону, дэпутаты парлямэнту маюць шырокія паўнамоцтвы. Іншая справа, што яны імі, па сутнасьці, не карысталіся:

«Магчыма таму, што атрымлівалі 288 мільёнаў у год заробку. Ім добра — для іх крызісу няма. Відаць, гэта і было прычынай, што яны ня выяўлялі актыўнасьці. Але ж так вечна працягвацца ня можа. Мы коцімся да галечы. Ужо дваццаць месяцаў запар зьніжаецца ўнутраны валавы прадукт краіны. Я задаваў на тэледэбатах падобнае пытаньне дзейнаму дэпутату Алегу Леўшунову, але ён нічога не адказаў. Спадзяюся, што калі хтосьці з нас стане дэпутатам, то ў нас будзе трыбуна, каб распавядаць і пра гэта. У парлямэнт іду дзеля пераменаў у нашай краіне».

Здымацца з выбараў Аляксандар Шарыпаў не зьбіраецца, хоць некаторыя вылучэнцы АГП пакінулі выбарчую кампанію, калі ўлады не ўключылі іх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

«АГП ведае маю пазыцыю. Я іду ў дэпутаты, каб данесьці да ўладаў, што ў горадзе жывуць грамадзяне, якія ведаюць заканадаўства і ўмеюць карыстацца сваімі правамі, а ня проста насельніцтва», — заявіў Шарыпаў.

«Корачка» дэпутата дадае вагу

Прадстаўнік партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў лічыць, што статус дэпутата дадае «пэўную вагу» словам і дзеяньням. Будучы дэпутатам, можна рэальна дапамагаць людзям. А яшчэ, на думку Глушакова, людзей можна «прывучаць да самаарганізацыі», бо цяпер «робіцца ўсё, каб чалавек жыў на такім узроўні: праца — гіпэрмаркет — зомбаскрыня».

Трыццацігадовы сацыял-дэмакрат, інжынэр паводле прафэсіі Аляксандар Дзенісенка наважваецца зьмяніць сытуацыю ў парлямэнце «з дапамогай мэдыйнай прасторы». Калі яго ня будуць чуць, то мае праз «масу людзей атрымаць падтрымку і прымусіць парлямэнт несьці адказнасьць за пэўныя дзеяньні альбо бязьдзеяньні».

Беларусы — праэўрапейская нацыя

Нясьпешную атмасфэру сустрэчы разварушыў былы падпалкоўнік міліцыі, які назваўся Алегам. Відаць, з прычыны сваёй былой прафэсіі ён заявіў, што людзі «глядзяць на апазыцыйных кандыдатаў з асьцярогай». Прасіў выказацца, якой кандыдаты бачаць Беларусь — парлямэнцкай ці прэзыдэнцкай? З кім краіне сябраваць — з усходам ці захадам, каб падымаць эканоміку? У якія ваенна-палітычныя блёкі ўступаць? Што рабіць у краіне са штрафамі, рознымі зборамі, напрыклад, дарожным, бо яны ўжо зашкальваюць?

Лічаныя выбарцы прыйшлі на сустрэчу

Лічаныя выбарцы прыйшлі на сустрэчу

У адказах Юрыя Глушакова экс-падпалкоўнік адразу згледзеў «камуніста з марксісцка-ленінісцкім выхаваньнем», хаця вылучэнец «Зялёных» называў сябе толькі сацыялістам, «прыхільнікам сацыялізму 21 стагодзьдзя», які выступае за роўнасьць, — прамысловасьць працуе эфэктыўна, беспрацоўе скарачаецца, заробкі не зьніжаюцца, мэдыцына і адукацыя — бясплатныя.

«Нам трэба было ўтрымліваць усё тое лепшае, што было ў Савецкім Саюзе і БССР», — падсумаваў кандыдат.

У зьнешніх стасунках краіны Глушакоў падтрымаў Аляксандра Лукашэнку, які заяўляў, што суседзі нам ад Бога, і зь імі трэба мець добрыя стасункі.

Больш акрэсьлена на гэты конт выказаўся Аляксандар Дзенісенка:

«Мы як грамадзяне — аснова дзяржавы, і трэба абапірацца на тое, што нам выгадна, і сябраваць з усімі суседзямі. Паміж захадам і ўсходам мае быць нейкі саюз дзяржаваў ад Чорнага да Балтыйскага мора, які не дазволіць ім наўпрост змагацца».

Хрысьціянскі дэмакрат Шарыпаў перакананы, што «беларусы больш празаходнія, больш эўрапейскія».

«Пра сацыяльную эканоміку мы чуем з 1917 году, — тлумачыць сваю пазыцыю Аляксандар Шарыпаў. — Гучыць гэта досыць прыгожа. Але ж грошы трэба зарабляць! Пакуль нам Расея давала датацыі па 4-5 мільярдаў даляраў на год, наш прэзыдэнт «дазволіў» грамадзянам жыць нават крыху лепей, чым яны зараблялі. Эканоміцы патрэбна рэструктурызацыя, рэформы. Трэба навучыцца вырабляць прадукцыю, якая карыстаецца попытам. На пятнаццацігадовым «Мэрсэдэсе» езьдзіць зручней, чым на новым «МАЗе». Кандыдаты супольна выступалі за адмену кантрактнай сыстэмы і супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту. І зусім абышлі тэму пра будучы палітычны лад Беларусі, мусіць яна быць парлямэнцкай ці прэзыдэнцкай рэспублікай?

Сустрэчы ў дэфіцыце

Супольная сустрэча ў Палацы творчасьці дзяцей і моладзі трох дэмакратычных кандыдатаў — першая і апошняя ў Цэнтральнай выбарчай акрузе. Мяркуючы па абвестцы акруговай камісіі, Юры Глушакоў да гэтага правёў толькі адну індывідуальную сустрэчу — і больш не плянуе. Аляксандар Дзенісенка і Аляксандар Шарыпаў маюць на сваім рахунку тры сустрэчы, і больш таксама не заяўляюць, бо сустрэчы надзвычай малалюдныя. Так званы «кандыдат ад улады», дзейны дэпутат Алег Леўшуноў да двух праведзеных сустрэчаў мае дадаць яшчэ дзьве, прызначаныя на пачатак верасьня.

Інфармацыі пра сустрэчы з выбарцамі пятага кандыдата, вылучэнца ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Яўгена Тржансімеха, шырокая публіка ня мае.

Не заяўляе пакуль камісія Цэнтральнай акругі № 33 і пра супольную сустрэчу з выбарцамі ўсіх пяці зарэгістраваных кандыдатаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG