Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд былому кіраўніку «Цмокаў-Менск» абвесьцяць 5 верасьня


Канстанцін Шаравера

Канстанцін Шаравера

У Маскоўскім судзе Менску, дзе 31 жніўня меліся абвясьціць прысуд экс-гендырэктару баскетбольнага клюбу «Цмокі-Менск» Канстанціну Шараверы, паведамілі пра перанос абвяшчэньня прысуду на 5 верасьня. «Прычын не камэнтуем», — сказалі карэспандэнту Свабоды ў судзе.

Працэс над экс-гендырэктарам вядомага баскетбольнага клюбу «Цмокі-Менск» б’е рэкорды працягласьці. Суд над Канстанцінам Шараверай пачаўся яшчэ ў сьнежні 2015 году. Сваю віну экс-гендырэктар на пачатку судовага сьледзтва не прызнаваў.

Канстанцін Шаравера абвінавачваецца ў злачынствах паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку — аб крадзяжы праз злоўжываньне службовым становішчам. Паводле сьледзтва, Шаравера раскраў грашовыя сродкі клюбу, скарыстаўшыся розьніцай узнагароджаньняў у прыватна агавораных і афіцыйна аформленых кантрактах. Страты ад гэтай дзейнасьці сьледзтва ацаніла ў 6,2 мільярда рублёў. Таксама былы гендырэктар нібыта выводзіў з абароту клюба сродкі на кампэнсацыю харчаваньня спартоўцам падчас вучэбна-трэніровачных збораў. Сьледзтва прадставіла суду і доказы таго, што Канстанцін Шаравера за кошт клюбу арганізаваў банкет у гонар свайго юбілею.

Злачынныя эпізоды дзейнасьці абвінавачванага адносяцца да пэрыяду зь лета 2010 году па 8 красавіка 2014-га.

Канстанцін Шаравера знаходзіцца пад вартай з 14 красавіка 2015 году.

Пракурор прасіў суд прысудзіць Канстанціну Шараверы шэсьць гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама канфіскаваць маёмасьць.

Судзіць Канстанціна Шараверу судзьдзя Аляксандар Петраш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG