Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы нікому не патрэбныя». Чачэнскія ўцекачы зьехалі зь беларуска-польскай мяжы


Чачэнскія ўцекачы не дачакаліся сустрэчы з генэральным консулам Польшчы ў Берасьці. Усе яны зьехалі з памежнага пункту «Брэст».

Ніхто з афіцыйных прадстаўнікоў так і не сустрэўся з чачэнскімі ўцекачамі на беларуска-польскай мяжы. Больш за суткі яны чакалі, каб да іх прыехаў генэральны консул Польшчы ў Берасьці. Сёньня а 19-й гадзіне яны зьехалі з памежнага пункту.

«А што рабіць, дзяцей шкада, — сказаў Свабодзе прадстаўнік уцекачоў Абдула. — Мы зразумелі, што нікому не патрэбныя. Мы вырашылі зьехаць, гэта нашае супольнае рашэньне».

Я еду ў Эўропу, бо шукаю абарону. Мы законапаслухмяныя. Хочам працаваць і гадаваць сваіх дзяцей.

Чачэнцы знаходзіліся каля памежнага пункту «Брэст» з раніцы панядзелка. Каля двухсот чалавек разьмясьціліся на пустыры перад уездам у памежны пункт. Яны хацелі прыцягнуць увагу да таго, што польскія памежнікі не прымаюць уцекачоў.

«Я еду ў Эўропу, бо шукаю абарону, — сказаў Свабодзе 60-гадовы чачэнец, які прадставіўся Мікалаем. — Мы законапаслухмяныя. Хочам працаваць і гадаваць сваіх дзяцей».

Цяпер чачэнцы, якіх сёньня налічваецца ў Берасьці да 2 700 чалавек, знаходзяцца ў раёне чыгуначнага вакзалу ці наймаюць кватэры на суткі. Пасьля таго, як яны не дачакаліся сустрэчы з польскімі дыпляматамі, некаторыя зь іх вырашылі вярнуцца ў Чачню.

«Некаторыя ўжо сёньня адправяцца дамоў», — сказаў Абдула.

Большасьць працягне спробы атрымаць прытулак у Польшчы. Штодня чачэнцы едуць цягніком да Тэрэспаля. Але абсалютная большасьць атрымлівае адмовы ў прытулку.

Свабода працягвае сачыць за сытуацыяй на месцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG