Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзе ў Полацку дадуць зьніжку за беларускую мову


Каля старога будынку чыгуначнага вакзала

Каля старога будынку чыгуначнага вакзала

Гасьцям гораду, якія прыедуць у старажытны горад цягніком, атрымаць 10-адсоткавую зьніжку будзе найпрасьцей: у старым будынку чыгуначнага вакзалу нядаўна адчынілася беларускамоўная рэстарацыя «Росквіт».

У правым крыле будынку, дзе ў савецкія часы мясьцілася рэстарацыя пад дзіўнаватай для Полацку назвай «Стары Тбілісі», адчуваюцца значныя пераўтварэньні. Яшчэ «саўковая» ляпніна на сьценках адцягвае ўвагу толькі ў першыя хвіліны, бо спрытны афіцыянт тут жа падносіць наведнікам мэню на трох мовах, дзе стравы пералічаны па-беларуску, па-расейску і па-ангельску. А сярод іх — «мачанка», «аладкі», «бурачнік»...

Мэню “Росквіту”

Мэню “Росквіту”

У новай рэстарацыі ўжо ёсьць сталыя наведнікі

У новай рэстарацыі ўжо ёсьць сталыя наведнікі

Калі не разгубіцца ад нечаканасьці і зрабіць замову па-беларуску, то ў рахунку сытага кліента зьявіцца пазнака пра зьніжку на 10% «за беларускую мову». Некаторыя палачане ўжо ведаюць гэтую «фішку» рэстарацыі, і прыходзяць сюды часта. Папулярныя тут і комплексныя абеды, абсалютна прымальныя па коштах для шараговага гараджаніна. Зручна й тое, што рэстарацыя працуе да першай гадзіны ночы — асабліва для тых, хто хоча дачакацца позьняга цягніка ва ўтульнай абстаноўцы.

Зьніжка «за беларускую мову»

Зьніжка «за беларускую мову»

Але большасьць гараджанаў, на жаль, пра існаваньне «Росквіту» ў Полацку нават ня ведае. І па старой завядзёнцы лічыць за лепшае абыходзіць прывакзальную ўстанову харчаваньня, якая яшчэ з савецкіх часоў мела не найлепшую рэпутацыю і адпаведны кантынгент. Хаця тут ужо месяц як усё па-іншаму: гучыць беларуская музыка, на сталах зь ільнянымі абрусамі — новы посуд і візытоўкі, якія можна ўзяць з сабой на памяць або «разрэклямаваць» беларускамоўную рэстарацыю сябрам.

Гасьцей чакаюць візытоўкі

Гасьцей чакаюць візытоўкі

Дарэчы, абедзьве «гаспадыні» рэстарацыі — і Алена, якая гатуе ўсе пазначаныя ў мэню беларускія стравы, і адміністратар Дар’я, даўней якраз і працавалі ў «Старым Тбілісі». Цяпер яны хочуць зьмяніць тут усё, што не адпавядае новай канцэпцыі ўстановы — напрыклад, зрабіць іншыя вітражы, прыбраць ляпніну з зоркамі ў стылі «сталінскі ампір» і напышлівыя калёны з жырандолямі, папоўніць мэню больш разнастайнымі стравамі... Таксама ёсьць «далёкі прыцэл», каб зрабіць тут культурніцкую пляцоўку. І такая праца ўжо вядзецца, калі меркаваць па справаздачах у суполцы «Росквіту» ў «Кантакце».

Неўзабаве тут адбудуцца перамены

Неўзабаве тут адбудуцца перамены

А пакуль дзяўчаты катэгарычна адмаўляюцца ад інтэрвію, бо мараць «раскруціцца па-сапраўднаму». Каб назва «Росквіт» апраўдала ўсе іхныя памкненьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG